<b/>Вянок Памяці. Яўген Лугін

Галіна Абакунчык, Менск Сёньня ў Глускім раёне на Магілёўшчыне пахаваны Яўген Лугін. Ён памёр 16 кастрычніка на 71-м годзе жыцьця пасьля цяжкай хваробы. Яўген Лугін узначальваў Беларускую сялянскую партыю, быў сярод стваральнікаў Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” й Партыі БНФ. Яго многія ведалі як абаронцу фэрмэраў і актыўнага ўдзельніка руху Нацыянальнага адраджэньня.
У год абвяшчэньня незалежнасьці Беларусі Яўген Лугін стварыў і ўзначаліў Беларускую сялянскую партыю. Яна дамагалася вяртаньня зямлі тым, хто на ёй працуе, падтрымкі сялянскіх і фэрмэрскіх гаспадарак. Спадар Лугін заставаўся нязьменным кіраўніком партыі да 2000 году, калі яна была скасаваная цяперашнімі ўладамі. Увесь гэты час паплечнікам і сябрам спадара Лугіна быў ягоны намесьнік у партыі Міхась Антоненка:

(Антоненка: ) “У яго не было ніякіх амбіцыяў, каб, да прыкладу, прыйсьці да ўлады. Ён заўсёды казаў, што нашая галоўная задача — гэта абарона эканамічных інтарэсаў і палітычных правоў сялянаў, простых вяскоўцаў. Ён не атрымоўваў ніякіх грошай, жыў за сваю пэнсію, ня ўдзельнічаў ні ў якіх інтрыгах, сваёй беларускай мовай ганарыўся. Ён верыў, што краіна выйдзе з крызысу, і ў гэтым сэнсе ён быў сапраўдным беларусам”.

Да выхаду на пэнсію Яўген Лугін быў кадравым афіцэрам інжынэрна-сапэрных войскаў. У адстаўку пайшоў у званьні падпалкоўніка Савецкай Арміі. Таму ад часу заснаваньня Беларускага згуртаваньня вайскоўцаў у 1991 годзе быў актыўным сябрам арганізацыі. Заўсёды адстойваў ідэю стварэньня прафэсійнай арміі й захаваньня нэўтральнасьці беларускай дзяржавы. Слова афіцэра для яго было не пусты гук, кажа сябра БЗВ, дэпутат Вярхоўнага Савету 13 скліканьня Лявон Дзейка:

(Дзейка: ) “Гэта заўсёды было відаць з паводзінаў, што гэта чалавек, для якога ёсьць дакладна вызначаны панятак — што такое гонар афіцэра, што такое абавязак афіцэра. Сваёй дзейнасьцю ён імкнуўся ствараць новую грамадзянскую супольнасьць у Беларусі. І як грамадзкі дзеяч, і як палітык ён заўсёды быў у першых шэрагах”.

Яўген Лугін быў адным з ініцыятараў правядзеньня Кангрэсу дэмакратычных сілаў. З-за сваіх перакананьняў і актыўнасьці неаднойчы цярпеў перасьлед з боку ўладаў, кажа старшыня Партыі БНФ Вінцук Вячорка.

(Вячорка: ) “Ён быў адважным чалавекам. Удзельнічаў у дэманстрацыях і акцыях, трапляў за краты. Але пры гэтым ён ніколі не зьмяняў сваіх перакананьняў і заўсёды быў маторам сваіх уласных, перапакутаваных ідэяў. Ён адышоў рана і несправядліва. Сьветлая яму памяць і пухам яму ягоная родная Глуская зямля”.