Беларусь – сярод лідэраў у барацьбе з голадам

Радыё Свабода Беларусь мае адзін з найлепшых паказчыкаў у барацьбе з голадам. Гэта вынікае з супольнага дасьледаваньня Нямецкай усясьветнай арганізацыі па дапамозе галодным і вашынгтонскага Міжнароднага дасьледчага інстытуту палітыкі харчаваньня.
Дасьледаваньне было праведзена больш як у ста маладых дзяржавах сьвету – азіяцкіх, афрыканскіх, лацінаамэрыканскіх, а таксама ў краінах былога сацыялістычнага лягеру.

Гэтак званы ўсходні блёк прадстаўляюць 22 краіны – былыя савецкія рэспублікі, некаторыя балканскія краіны, у тым ліку рэспублікі былой Югаславіі.

У часе прэзэнтацыі ў Бэрліне праекту дырэктар Міжнароднага інстытуту палітыкі харчаваньня Ёхім фон Браўн агучыў такую лічбу: цяпер у сьвеце галадаюць 850 мільёнаў. Ёсьць спадзяваньні, што да 2015 году гэтая лічба можа зьнізіцца да 600 мільёнаў. У гэтай сувязі спадар фон Браўн выказаў свае надзеі на старшынёўства Нямеччыны ў вялікай васьмёрцы ў наступным годзе і на тое, што вядучыя краіны сьвету нададуць гэтай праблеме адпаведнае палітычнае гучаньне.

Дасьледчыкі Міжнароднага інстытуту палітыкі харчаваньня вызначаюць такія крытэры цяперашняга індэксу голаду:

(Дасьледчык: ) “Індэкс голаду базуецца на трох крытэрах. Па-першае, колькасьць зьнясіленага ў выніку недастатковага харчаваньня насельніцтва, колькасьць дзяцей да пяці гадоў з заніжанай масай цела, колькасьць памерлых дзяцей да пяці гадоў. Для большасьці дасьледаваных краінаў голад ёсьць сапраўднай праблемай, хаця Беларусь на гэтым фоне выглядае няблага”.

Як вынікае з дасьледаваньняў, у барацьбе з голадам Беларусь разам з Аргентынай і Чылі займаюць цяпер вядучыя пазыцыі. Найгоршая ж сытуацыя з харчаваньнем насельніцтва назіраецца ў такіх краінах, як Эрытрэя, Конга (Кіншаса) і Бурундзі.

Беларускі эканамічны экспэрт Міхал Залескі ў цэлым пагаджаецца з вынікамі дасьледаваньняў сваіх заходніх калегаў: сапраўднага голаду ў Беларусі не назіраецца.

(Залескі: ) “Але... рэч у тым, што жыве кот, жыве сабака. Адзін на печцы, другі – пад ганкам. Тое, што ў нас няма голаду, гэта ня ёсьць вялікім дасягненьнем у XXI стагодзьдзі. Існуюць рацыянальныя нормы спажываньня. У нас толькі каля 70 % насельніцтва спажываюць у адпаведнасьці з нормамі малако і дзесьці каля 80 % – мяса. Аднак ёсьць адзін нюанс. Наша статыстыка. У нас кажуць “мяса і мясапрадукты”. У Беларусі ўсё настолькі схаванае... Тут ёсьць і бялковыя канцэнтраты, якімі дзеля павышэньня вагі сілкуюць гэтую жывёлу. Ёсьць чарнобыльскі фактар. Аднак, увогуле, калі ставіць пытаньне пра галадуху, то яе няма даўно”.