Гатава задыхаецца ад смуроду (фота)

Міхал Стэльмак, Гатава У Гатаве, што пад Менскам месьціцца Гарбарнае аб’яднаньне. Жыхары гэтага паселішча пакутуюць ад смуроду ў паветры.
Я знаходжуся на паўднёвай ўскраіне Гатава. Гутару з жыхарамі вуліцы Металюргічнай:

(Аляксандр: ) “Кепскі пах”.

(Юля: ) “Сьмярдзіць. Вось і ўсё”.

(Вера: ) “Тут жа гарбарня побач”.

(Святлана: ) “Пах вельмі адчувальны”.

(Віка: ) “Вельмі сьмярдзіць. Экалёгія ў нас кепская. Калі па Гатаве гуляеш – чутна”.

(Вера: ) “Відаць жа трапляе і ў кватэру, калі на вуліцы пах”.

(Іван: ) “Тут такі смурод, што немагчыма”.

(Ірына: ) “Пах тухлага мяса. Фортку адкрыеш, каб праветрыць. А ён па ўсёй кватэры”.

(Юля: ) “У аўтобусе праяжджаеш, дык чуваць. У тым баку жахлівы пах. Тут яшчэ трываць можна, а там вельмі моцны. Там разьмешчаны нейкія зьлівы ў іх. А адтуль ужо дзьме сюды”.

Каля 10 тысяч жыхароў пражывае ў пасёлку. Ад яго да гарбарні – кілямэтры паўтара. Паміж паселішчам і прадпрыемствам месьціцца вёска, якая таксама называецца Гатава. Там жыве 3 сотні насельнікаў.

(Людміла: ) “Гэта мая бацькоўская хата. У вёсцы чуваць. Калі выкіды. Калі заводу не было, у нас было чыста”.

(Алена: ) “Чуваць у выходныя дні. Асабліва, калі сьпёка, сонца. Тады тут вельмі цяжка. Больш за ўсё церпяць ніжнія хаты. Смурод страшны, асабліва, калі вецер сюды дзьме”.

Пэнсіянэр Міхаіл Хмялеўскі нарадзіўся ў вёсцы Гатава. Гарбарню, паводле яго, пабудавалі напрыканцы 80-х. Прычым, пры будаўніцтве парушылі, як ён лічыць, тэхналёгію:

(Хмялеўскі: ) “Няма ачышчальных збудаваньняў. Не паставілі, таму што дорага было, калі італьянцы будавалі. Дорага было будаваць дзяржаве – Савецкаму Саюзу. І так засталося – без ніякай ачысткі. Дзяржаве напляваць на здароўе людзей. Карацей. Мы яшчэ задаволеныя тым. Што ён не на поўную магутнасьць працуе. Тут бы наагул ніхто ня ўседзеў бы”.

Я запытаўся ў гатаўчан, ці ўплывае забруджанае паветра на іхнае здароўе?

(Люба: ) “Гарбарня – гэта шкодна”.

(Віка: ) “Гэта шкодзіць здароўю, павялічваецца ціск”.

(Вера: ) “Некаторым, я чула, кепска робіцца”.

(Алена: ) “Асабліва цяжка астматыкам. У мяне бранхіяльная астма. Я тады задыхаюся”.

(Людміла: ) “У каго пачынаюцца алергічныя сымптомы, тыя ў асноўным мяняюць кватэры, зьяжджаюць адсюль”.

Нараканьні жыхароў Гатава на смурод у паветры мы папрасілі пракамэнтаваць намесьнік галоўнага інжынэра Гарбарнага аб''яднаньня Сяргея Шульгіна:

(Шульгін: ) “Мы прадпрыемства, якое мае своеасаблівыя выкіды ў атмасфэру рэчываў, якія кепска пахнуць і забруджваюць атмасфэру. Пахне наша скура пры апрацоўцы рознымі хімічнымі рэчывамі. Семнаццаць гадоў жыхары ўсё пішуць, скардзяцца. Але куды мы падзенем гэты завод?”