<b/>Пастаўкі расейскай нафты ў Беларусь скароцяцца на 1 мільён тон

Валер Каліноўскі, Менск Расейская кампанія “Транснефть” у чацьвёртым квартале гэтага году мае намер скараціць пастаўкі нафты ў Беларусь на 30 адсоткаў – каля 1 мільёну тон. Кампанія тлумачыць гэта неабходнасьцю скарачэньня ціску ў нафтаправодзе “Дружба”, на якім пасьля аварыі ў ліпені выявілі шмат дэфэктаў. На думку незалежных аналітыкаў, такім чынам Расея хоча дадаткова націснуць у спрэчцы вакол цаны на газ і прыватызацыі “Белтрангазу”.
Агулам у чацьвёртым квартале Беларусь атрымае толькі 3 замест 4 мільёнаў тон расейскай нафты. У расейскай кампаніі “Транснефть” спачатку паведамілі, што загад на зьніжэньне ціску ў нафтаправодах на беларускім кірунку быў атрыманы ад “Ростэхнагляду”, пазьней – што кампанія сама вырашыла паменшыць перапампоўваньне нафты па нафтаправодзе “Унеча – Мазыр”, паколькі трэба праверыць стан магістралі. Аб гэтым было паведамлена беларускаму боку. Учора офіс “Транснефти” наведаў старшыня канцэрну“Белнафтахім”Аляксандар Бароўскі, які хоча дамагчыся аднаўленьня плянаванага раней аб’ёму паставак. У Міністэрстве энэргетыкі Беларусі і ў канцэрне “Белнафтахім” пакуль устрымліваюцца ад камэнтароў сытуацыі.

Незалежны спэцыяліст у галіне энэргетыкі, былы супрацоўнік Мінэнэрга Беларусі Валянцін Мацкевіч перакананы, што ніякага аўральнага скарачэньня паставак нафты з-за стану трубаправодаў не можа быць, бо выдзяляецца дастаткова сродкаў для абслугоўваньня нафтаправодаў:

(Мацкевіч: ) “Ёсьць эксплюатацыйныя ўчасткі, якія гэтым займаюцца і маюць адпаведнае рамонтнае абсталяваньне і запас матэрыялаў... Нечаканасьці тут немагчымыя, таму што эксплюатацыйны пэрсанал у нас дастаткова прафэсійны, яны ведаюць кожны кілямэтар трубы, у якім ён стане, і ў свой час гэта робіцца”.

Расейская газэта “Коммерсантъ” цытуе маскоўскіх экспэртаў, якія зазначаюць, што зьніжэньне аб’ёмаў перапампоўваньня расейскай нафты ў Беларусь “на самой справе з’яўляецца спосабам ціску на афіцыйны Менск у часе гандлю пры абмеркаваньні цаны расейскага газу для Беларусі і магчымасьці паказаць сілу перад прыватызацыяй “Белтрангазу”. Валянцін Мацкевіч пагаджаецца з такой ацэнкай сытуацыі:

(Мацкевіч: ) “Гэта сапраўды ўзмоцнены ціск, гэта мэтады, якія звычайна выкарыстоўвае Пуцін. Нічога новага тут няма. Ціск ідзе па ўсіх напрамках, асабліва па вельмі балючых пытаньнях энэрганосьбітаў”.

Паводле аглядальніцы газэты “Белорусы і рынок” Тацяны Манёнак, Беларусь недаатрымае сёлета 1,5 мільёны тон нафты.

(Манёнак: ) “Гэта нейкае папярэджаньне з расейскага боку, вельмі сур’ёзнае, каб беларуская пазыцыя была больш прымальнай для Расеі і па газавым пытаньні, і па нафтавым таксама”.

Тацяна Манёнак мае на ўвазе, што расейскі бок таксама дамагаецца скараціць страты свайго бюджэту ад рээкспарту Беларусьсю нафтапрадуктаў, на чым Расея губляе мільярды даляраў.