Беларуска-латвійскі дыпляматычны канфлікт блізкі да вырашэньня

Радыё Свабода “Мы расцэньваем рашэньне беларускага боку, як крок ў правільным кірунку”,-- гэтак пракамэнтаваў прэсавы сакратар латвійскага МЗС Атыс Лотс рашэньне беларускай пракуратуры аб спыненьні крымінальная справы ў дачыненьні да другога сакратара амбасады Латвіі ў Беларусі Рэйма Шмітса.
Нагадаем, 25 ліпеня ў кватэры, якую здымаў Р. Шмітс, беларускія праваахоўныя органы правялі ператрус, падчас якога канфіскавалі шэраг відэакасэт. 27 ліпеня ў дачыненьні да дыплямата была распачатая крымінальная справа за распаўсюд парнаграфічнай прадукцыі.

31 ліпеня Беларускае тэлебачаньне паказала кадры гомасэксуальнага акту, зробленыя схаванай камерай у кватэры дыплямата. МЗС Латвіі назвала дзеяньні беларускіх уладаў парушэньнем Венскай канвэнцыі. Гэткую ж пазыцыю выказаў і Эўразьвяз. Пасьля завядзеньня крымінальнай справы Рэйма Шмітс пакінуў Беларусь. У адказ Латвія аб’явіла пэрсонай нон-грата першага сакратара амбасады Беларусі ў Латвіі Дзьмітрыя Краюшкіна.

Амбасадарка Латвіі Майра Мора ад’ехала ў Рыгу для кансультацый. Як паведаміў Атыс Лотс, пасьля сустрэчы міністра з беларускім амбасадарам будзе вырашана пытаньне аб яе вяртаньні ў Беларусь.