Мабільныя тэлефоны будуць маркіраваць

Ігар Карней, Менск Зь ініцыятывы Дзяржаўнага мытнага камітэту ў Беларусі мабільныя тэлефоны ўнесеныя ў пералік тавараў з абавязковай маркіроўкай кантрольнымі знакамі. У ведамстве лічаць, што маркіроўка тэлефонаў дазволіць ацаніць рэальныя аб’ёмы рынку і вызначыць, якім чынам ажыцьцяўляць ягонае далейшае рэгуляваньне. У адпаведнасьці з пастановай Савету Міністраў, абавязковай гэтая мера будзе ад пачатку сьнежня 2006 году.
Цягам трох апошніх гадоў абанэнцкая база беларускіх апэратараў сотавай сувязі павялічылася амаль на 3 мільёны карыстальнікаў. За гэты час у Дзяржаўнай інспэкцыі электрасувязі дазвол на ўвоз тэлефонаў аформлены ўсяго на некалькі сотняў тысяч тэлефонаў. Экспэрты зрабілі выснову, што пры такім раскладзе 8 зь 10 тэлефонаў трапляюць у Беларусь без аплаты мытных плацяжоў і падаткаў. Таму ад 7 сьнежня пакунак кожнага сотавага тэлефоннага апарату будзе ўпрыгожваць спэцыяльная кантрольная марка. Гэта будзе азначаць, што ён легальна ўвезены ў Беларусь. У Дзяржаўнай інспэкцыі электрасувязі патлумачылі, навошта прыдуманае новаўвядзеньне.

(Супрацоўнік інспэкцыі: ) “Справа ў тым, што ўласна кантрольныя маркі ўводзім ня мы, а Міністэрства падаткаў і збораў. І іх будзе правяраць Дзяржаўны мытны камітэт. Самі апараты ў нас не рэгіструюцца, але фірмы мусяць атрымаць дазвол на іхны ўвоз у Беларусь”.

Экспэрты прагназуюць, што ад сьнежня, калі гандляры мабільнікамі пачнуць працаваць паводле новых правілаў, сплачваць падаткі і мыты, кошты на апараты павысяцца як найменей на 20--30%.

Гаворыць гандляр мабільнымі тэлефонамі Рыгор Гаеў.

(Гаеў: ) “Так, за ўсё будуць расплачвацца людзі, пакупнікі. Гэта той жа варыянт, як колісь было ў Маскве. Маскоўская абсалютна сытуацыя, калі некалькі хваляў было барацьбы, у выніку рынак прыдушылі і зараз вялікага сэнсу няма вазіць тэлефоны з Масквы. Ня ведаю нават, якія цяпер насамрэч схемы. Вось у мяне куплялі “Nokia”, дык яна ўвогуле аказалася “украінскай”. Якімсьці чынам увезьлі ва Ўкраіну, там запакавалі, а потым расейцы ў іх набылі. То бок, такімі складанымі ланцугамі ўсё ідзе”.

Калі пастанова ўраду ўступіць у сілу, гандляры павінны будуць правесьці інвэнтарызацыю тавару і наляпіць маркі ня толькі на новыя тэлефоны, але і на тыя, што застануцца на складах. У іншым выпадку тавар будзе лічыцца кантрабандай.

Чакаюцца новыя правілы і ў іншай галіне, зьвязанай з мабільным рынкам. Да сярэдзіны 2007 году новыя ліцэнзіі мусяць атрымаць майстэрні, якія займаюцца рамонтам мабільных тэлефонаў. Вось што расказаў адзін з уладальнікаў невялікай майстэрні ў Менску.

(Гаспадар майстэрні: ) “На гэты момант ліцэнзія яшчэ не патрабуецца, але да чэрвеня 2007-га яна будзе абавязковай. Аднак насамрэч ужо ў сьнежні патрэбна будзе мяняць ліцэнзію, таму што раней наша сфэра дзейнасьці пазначалася як “рамонт бытавой радыёэлектроннай апаратуры”. А цяпер будуць “паслугі па рамонту”. То бок, дадаецца паслуга і трэба ўсё мяняць. У фінансах выдаткаў можа ня так і шмат, але вельмі шмат часу запатрабуецца на паходы ў гарвыканкам, напісаньне заяваў, замену сэртыфікату. Апроч таго, да Новага году неабходна будзе набыць касавы апарат. Так што пачынаюць прыціскаць паціху”.