С. Лісічонак: “Улада баіцца грамадзкай актыўнасьці моладзі”

Радыё Свабода “Затрыманьне Паўла Красоўскага і падазрэньне яго ў падрыхтоўцы да забойства ёсьць чарговай акцыяй па застрашэньні актывістаў незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт”. Такое меркаваньне выказаў сябра Красоўскага, моладзевы актывіст Сяргей Лісічонак.
“Падазрэньне Паўла ў замаху на забойства ёсьць абсурдам і сьведчаньнем таго, што ўлада баіцца палітычнай і грамадзянскай актыўнасьці моладзі”.

На думку спадара Лісічонка, Павал Красоўскі быў вельмі актыўным у Жодзіна і ягоная дзейнасьць не падабалася ўладам. А непасрэднай прычынай для затрыманьня стаўся прадэманстраваны беларускім тэлебачаньнем сюжэт, у якім Павал Красоўскі ў адным з летнікаў нібыта рыхтаваў моладзь для нейкіх сілавых структураў апазыцыі.

Створаны ўчора грамадзкі камітэт пасьля затрыманьня Паўла Красоўскага будзе мець назву “За свабоду Дашкевіча і Красоўскага”. Яго ўдзельнікі і моладзевыя актывісты плянуюць шэраг акцыяў пратэсту, а таксама зварот у міжнародныя структуры з просьбай дапамагчы хутчэйшаму вызваленьню Зьмітра і Паўла.