Расея рэгулюе рынак замежнай працоўнай сілы

Ігар Карней, Менск Прэзыдэнт Расейскай Фэдэрацыі Ўладзімер Пуцін запатрабаваў ад ураду найхутчэй зрабіць больш жорсткім візавы рэжым для замежных грамадзянаў, якія парушаюць расейскія законы. У прыватнасьці, ён загадаў рэглямэнтаваць гандаль на оптавых і розьнічных рынках і адрэгуляваць прысутнасьць на іх іншаземцаў. А ўжо сёньня Фэдэральная міграцыйная служба (ФМС) прапанавала ўнесьці папраўкі ў Крымінальны кодэкс, а менавіта – пазбаўляць волі на тэрмін да васьмі гадоў за нелегальнае пражываньне і працу на тэрыторыі Расеі, а таксама за арганізацыю працы нелегалаў.
У Кодэксе аб адміністратыўных правапарушэньня ФМС мае намер падвысіць штрафы за прыцягненьне нелегалаў на працу ў Расею ад 50 тысяч да 500 тысяч расейскіх рублёў (каля 20 тысяч даляраў). У адпаведнасьці з новымі міграцыйнымі правіламі, якія павінны быць падрыхтаваныя да 15 лістападу, квоты на прыцягненьне ў Расею замежнай працоўнай сілы, якія вызначае для рэгіёнаў урад, будуць улічваць краіну паходжаньня замежніка і вызначаць долю іншаземных работнікаў, перадусім, у сфэры оптавага і розьнічнага гандлю.

Экспэрты кажуць, што на тле астатніх замежнікаў беларусы, якія захочуць працаваць у Расеі, будуць у больш выгодным становішчы. Сёлета ў Санкт-Пецярбурзе кіраўнікі ўрадаў двух краінаў падпісалі пагадненьне аб забесьпячэньні роўных правоў грамадзянаў Беларусі і Расеі на свабоду перамяшчэньня, выбару месца знаходжаньня і жыхарства. Пагадненьне прадугледжвае значныя прэфэрэнцыі грамадзянам Беларусі і Расеі: знаходжаньне без міграцыйнай карты, вызваленьне ад рэгістрацыі да 30 дзён, спрошчаную працэдуру атрыманьня віду на жыхарства. Заявы па гэтых пытаньнях мусяць разглядаюцца ў першую чаргу і самыя сьціслыя тэрміны. Аднак калі беларускі бок ужо ратыфікаваў адпаведны закон, то аналягічная праца ў Расеі яшчэ толькі вядзецца. А гэта значыць, што знаходжаньне грамадзянаў двух краінаў па-ранейшаму рэгулюецца нацыянальным заканадаўствам, у адпаведнасьці зь якім расейцы ў Беларусі і беларусы ў Расеі маюць статус замежнікаў.