Гандбалісты берасьцейскага клюбу вяртаюцца ў Беларусь (абноўлены)

Радыё Свабода Паводле апошніх зьвестак, спартоўцы і прадстаўнікі Берасьцейскага гандбольнага клюбу імя Анатоля Мяшкова вяртаюцца ў Беларусь авіярэйсам Варшава—Менск.
У мінулую суботу ў Швайцарыі берасьцейскія гандбалісты згулялі першую сустрэчу эўрапейскай Лігі чэмпіёнаў супраць мясцовага клюбу “Кадэтэн Шафхаўзэн”. Беларуская каманда саступіла зь лікам 20:30. У нядзелю спартоўцы павінны былі вылецець авіярэйсам Цюрых—Варшава (з польскай сталіцы каманду мусіў забраць у Берасьце клюбны аўтобус). Аднак швайцарскія памежныя службы адмовілі ў пасадцы на самалёт гульцам каманды, якія ня мелі польскіх транзытных альбо шэнгенскіх візаў.

У выніку перамоваў берасьцейскія гандбалісты ўсё ж здолелі пераляцець зь Цюрыху ў Варшаву, але вымушаныя былі правесьці ноч у аэрапорце польскай сталіцы.