Што думаюць гамельчукі пра ўсынаўленьне беларускіх сіротаў замежнікамі?

Радыё Свабода Як вы ставіцеся да ўсынаўленьня беларускіх дзяцей замежнымі грамадзянамі? На гэтае пытаньне адказваюць жыхары Гомелю.
(Студэнт: ) “Трэба, каб нашых сіротаў усынаўлялі нашы сем’і. Нацыя выраджаецца, насельніцтва становіцца ўсё менш. Трэба, каб генафонд усё ж захоўваўся”.

(Хлопец: ) “Нікуды ня трэба іх аддаваць! Іх там замежнікі б’юць, нават забіваюць. Шмат дзяцей проста зьнікалі”.

(Кабета: ) “Многія замежнікі бяруць такіх дзяцей, якім патрэбная дапамога. Нашы ўсынаўляльнікі — яны ж не заўсёды такое дзіця возьмуць. За мяжой, калі ўсё праверана, калі замежнікі жадаюць дабра і ў іх ёсьць сродкі, то няхай бяруць”.

(Маладая кабета: ) “Вельмі добра стаўлюся. І хачу, каб больш такіх дзяцей, як Віка Мароз, трапілі на ўсынаўленьне да замежнікаў. Тыя ўмовы, якія існуюць у нашых дзіцячых садках, інтэрнатах, дзіцячых дамах, ня вельмі спрыяльныя для разьвіцьця дзіцяці”.

(Спадар: ) “Для дзіцяці лепш быць, хаця й з чужымі, але ж з маці й бацькам, чым у дзіцячым доме з выхавацелямі”.

(Пэнсіянэр: ) “Адмоўна стаўлюся. Чалавек дзе нарадзіўся, там павінен і памерці. Ён у чужым краі, сярод чужых людзей, там іншая нацыя, а тут — свае, кроўныя. Кожны год насельніцтва і без таго скарачаецца на 50 тысяч”.

(Студэнт: ) “Я ўвогуле лічу, што нашых беларускіх дзяцей павінны ўсынаўляць нашы беларускія людзі”.

(Хлопец: ) “Калі сем’і нармалёвыя, пры дастатку, то няхай усынаўляюць. Калі ў нас у Беларусі ня хочуць усынаўляць беларускіх дзяцей, то ў прытулках ім жа ня жыць. Калі яны падрастуць, іх жа ўсё роўна на вуліцу выпраўляюць”.

(Хлопец: ) “Я лічу, што гэта ня вельмі добра, таму што далейшы лёс тых, каго ўсынавілі за мяжой, ня вельмі вядомы. Гэты працэс трэба кантраляваць”.