Італьянцы прапануюць прызнаць Віку Мароз палітычнай уцякачкай

Радыё Свабода Сёньня ў генуэскім Палацы юстыцыі адбылося паседжаньне апэляцыйнага суду, які мусіць вырашыць лёс 10-гадовай беларускі Вікі Мароз. Першае паседжаньне доўжылася гадзіну. Судзьдзя заявіў, што рашэньне будзе празь некалькі дзён. Як паведамляе італьянская прэса, сёньня ў будынак суду таксама прыбылі сямейная пара Джуста—Барначын і беларускі амбасадар Аляксей Скрыпко.
Выданьні пішуць, што да судовай адказнасьці прыцягнуць абедзьвюх бабуляў — маці Алесандра і Марыі, якія ўчора ў інтэрвію мясцовай прэсе прызналіся ў выкраданьні дзяўчынкі. Адкажуць як суўдзельнікі й сямейная пара Джуста й Барначын. Як сьведчаць назіральнікі, максымальны прысуд, які можа чакаць выкрадальнікаў, — штраф.

У сёньняшнім інтэрвію для італьянскага радыё й тэлеканалу "TG 5" маці Алесандра Джуста Элена Даніна (на здымку) заявіла, што не шкадуе пра свой учынак. Яна кажа, што гэтак адбылося з-за любові да дзяўчынкі, а таксама ад адчаю — тры гады італьянская сям’я безвынікова грукалася ва ўсе магчымыя беларускія дзьверы, спрабуючы ўдачарыць Віку.

Абедзьве бабулі матывавалі свае дзеяньні тым, што дзяўчо казала, што заб’е сябе, калі яе вернуць дадому ў Беларусь. Жанчыны таксама сьведчаць, што ўчорашняе затрыманьне Вікі ў Альпах адбылося вельмі карэктна, дзяўчынка не спалохалася пераапранутых жанчын-карабінэрак, калі тыя ўвайшлі ў манастырскі пакой. Віка нават пацалавала адну з жанчын, калі тая ўзяла яе на рукі.

У італьянскіх выданьнях зьмешчаныя фатаграфіі выкрадальніц і зарэтушаванае фота дзяўчынкі. Італьянскае заканадаўства забараняе публікаваць здымкі дзяцей у падобных афіцыйных матэрыялах.

Сёньня у Італіі было зроблена некалькі палітычных заяваў наконт справы Вікі Мароз.

Міністар у справах сям’і Розі Біндзі прапанавала, каб італьянскі ўрад зьвярнуўся да беларускага боку з просьбай аднавіць паездкі беларускіх дзяцей ў Італію, а таксама аднавіць спыненую працэдуру ўсынаўленьня 600 беларускіх дзяцей.

Камісія сэнатараў Італьянскай Рэспублікі зьвярнулася да беларускага амбасадара з просьбай зважаць на псыхафізычны стан дзяўчынкі. Напярэдадні васямнаццаць італьянскіх сэнатараў падпісалі дакумэнт аб міждзяржаўным пагадненьні ў справе аздараўленчых паездак у Італію дзяцей з Усходняй Эўропы. Яны імкнуцца, каб падобнае не паўтарылася.

Таксама зварот зрабіла Італьянская нацыянальная фэдэрацыя падвоенага бацькоўства. Яе сябры прапанавалі на аснове канвэнцыі ААН у справе дзяцей надаць Віцы Мароз статус палітычнай уцякачкі.

Журналістка “Радыё Ватыкан” і сябра беларускай суполкі ў Рыме Алена Мартэцкая зьмясьціла наступную заяву на сайце гэтага радыё:

(Мартэцкая: ) “Лічу, што Віка Мароз стала нацыянальнай гераіняй. Бо яна зрабіла ў Італіі значна больш для веданьня яе Бацькаўшчыны, чым усе беларускія амбасадары за ўсю маладую гісторыю беларускай краіны. Гэтае дзіця мае права адкрыць новы сьпіс ганьбы нашага часу ў пытаньні ўсыноўленых дзяцей. Яна мае права атрымаць італьянскую сям’ю і застацца ганаровай і рэальнай грамадзянкай Беларусі.

Беларусі, каб дапамагчы такім дзецям са складаным лёсам не губляць уласнай тоеснасьці, трэба вучыцца ў больш старых і цывілізаваных краінаў не забараняць, а прапаноўваць беларускія летнікі для такіх дзяцей разам зь іхнымі замежнымі бацькамі. Хто ведае, можа пры такім стаўленьні праз дваццаць гадоў яны папросяцца назад на бацькаўшчыну”.