Італія: дабрачынныя арганізацыі ня маюць адзінай пазыцыі ў справе Вікі

Радыё Свабода Буйнейшыя італьянскія дабрачынныя асацыяцыі, якія маюць дачыненьне да аздараўленьня і ўсынаўленьня беларускіх дзяцей, зьбіраюць подпісы пад пэтыцыямі да прэзыдэнта Італіі й да апэляцыйнага суду Генуі.
Пэтыцыя да прэзыдэнта Італіі, якую днямі падпісалі прадстаўнікі мясцовых чарнобыльскіх арганізацыяў, патрабуе вярнуць выхаванку Вілейскага інтэрнату на яе радзіму, у Беларусь. У звароце да апэляцыйнага суду ў Генуі, аўтарам якога ёсьць асацыяцыя “Сябры дзяцей”, адваротная просьба — пакінуць Віку Мароз у сям’і Джуста — Барначын.

У размове са “Свабодай” прадстаўніца чарнобыльскіх асацыяцыяў у Генуі спадарыня Фрацоні назвала дзеяньні мужа і жонкі з Кагалета здрадай дзясяткаў тысяч італьянскіх бацькоў, якія штогоду прымаюць у сябе дома столькі ж беларускіх дзяцей. Паводле яе словаў, нежаданьне аддаць дзяўчынку назад у Беларусь нашкодзіць як дарослым, так і дзецям.

(Фрацоні: ) “Нашы чарнобыльскія асацыяцыі падпісалі пэтыцыю да прэзыдэнта рэспублікі, міністра юстыцыі й міністра сям’і, каб Джуста—Барначын вярнулі дзяўчынку. Нашы сем’і хочуць і надалей дапамагаць усім беларускім дзецям. Вось ужо восем гадоў мы падтрымліваем выхаванцаў дзіцячаму дому на Гомельшчыне”.

Як паведамілі “Свабодзе” ў мілянскім офісе асацыяцыі “Сябры дзяцей”, на сёньня яе сябры сабралі больш як 3 тысячы подпісаў у падтрымку беларускай дзяўчынкі. Яны прынцыпова за тое, каб дзяўчынка засталася ў гэтай сям’і, і лічаць, што вяртаньне на радзіму моцна пашкодзіць псыхічна ёй — а таксама й тым, каго яна заве мамай і татам.

Справа Вікі Мароз мае разглядацца 28 верасьня. Ці можа Генуэскі апэляцыйны суд улічыць гэты масавы зварот? Такое пытаньне задаю журналісту Міхаэлю Браўну, які асьвятляе гісторыю для нямецкай прэсы.

(Браўн: ) “Уплыў гэтай вельмі аўтарытэтнай арганізацыі ў Італіі можа быць істотным. Увогуле, гэта адна з найбольш вядомых міжнародных арганізацыяў, якая займаецца ўсынаўленьнем. Як вядома, суд можа прыняць адно з трох рашэньняў: вярнуць дзяўчынку назад на радзіму, пакінуць у сям’і ці пакінуць у адной з італьянскіх дзяржаўных установаў. Я лічу, што ўплыву “Сяброў дзяцей” нельга недаацэньваць”.

Тым часам італьянскі палітык, старшыня камісіі ў справах дзіцяці ў італьянскім парлямэнце Сандра Чофі лічыць, што выпадак зь Вікай Мароз — падстава абмеркаваць праблему на агульнаэўрапейскім узроўні.

(Чофі: ) “Гэта ня ёсьць праблемай міждзяржаўных беларуска-італьянскіх дачыненьняў, гэта праблема сумеснага агульнаэўрапейскага супрацоўніцтва супраць гвалту над дзецьмі”.

Што да сям’і Джуста—Барначын з Кагалета, то яна па-ранейшаму не зьбіраецца выдаваць Віку беларускаму боку. Муж і жонка сьцьвярджаюць, што дзяўчынка адчувае сябе добра ў схованцы, а таксама крытыкуюць царкву за яе пасіўную ролю ў пасярэдніцтве паміж імі ды дзяржаўнымі структурамі Італіі і Беларусі.

На фота: плякат у мясцовым касьцёле: "Я не хачу туды вяртацца, іначай я сябе заб''ю". "Марыя"

Гл.таксама: У Кагалета адбыліся дэманстрацыі ў падтрымку Вікі Мароз Масіма Сантора: “Віка мусіць вярнуцца на радзіму” (абноўлены) Што думаюць менчукі пра лёс Вікі Мароз? Летась замежнікі ўсынавілі толькі двух беларускіх дзяцей