Магілёў: моладзевы актывіст адлічаны зь ліцэю

Радыё Свабода Адміністрацыя 1-га магілёўскага ліцэю змусіла бацькоў вучня 11-й клясы, актывіста моладзевага руху Максіма Азарава спыніць навучаньне. Бацькам заявілі: калі яны самі не забяруць дакумэнтаў, іхнага сына адлічаць з дысцыплінарных меркаваньняў.
14 верасьня Максіма Азарава разам з дваццацьцю моладзевымі актывістамі затрымалі міліцыянты ў двары прыватнага дому, дзе актывісты праводзілі сход. Супрацоўнікі міліцыі дзьве гадзіны высьвятлялі ягоную асобу й вялі прафіляктычную гутарку.

Са словаў Максіма Азарава, менавіта затрыманьне і стала фармальнай нагодай для адміністрацыі, каб адлічыць яго. Максім кажа, што яшчэ чацьвярых вучняў ліцэю, якіх затрымалі 14 верасьня, адміністрацыя папярэдзіла.

У ліцэі Максім Азараў адвучыўся два гады. Падчас прэзыдэнцкай кампаніі актыўна агітаваў за Аляксандра Мілінкевіча, чым выклікаў нараканьні адміністрацыі ліцэю. За ўвесь час грамадзкай дзейнасьці Максіма Азарава затрымалі толькі аднойчы.