Справу актывіста непрызнанага ўладамі Саюзу палякаў перагледзяць

Міхал Карневіч, Горадня Гарадзенскі абласны суд пастанавіў перагледзець адміністрацыйную справу на Мечыслава Яськевіча, актывіста не прызнаванага ўладамі Саюзу палякаў.
У жніўні спадара Яськевіча разам з актывістам Андрэем Пачобутам прыцягвалі да адказнасьці ў Кастрычніцкім судзе Горадні. Іх вінавацілі ў тым, што яны перашкаджалі працаваць здымачнай групе абласнога тэлебачаньня, якая рабіла сюжэт пра ўшанаваньне памяці польскіх жаўнераў на вайсковых могілках у Горадні.

Андрэя Пачобута пакаралі тады арыштам на 10 сутак, а справу на Мечыслава Яськевіча спынілі з-за адсутнасьці хуліганскіх дзеяньняў зь яго боку. Праўда, Яськевіч тады да суду адседзеў чацьвёра сутак у ізалятары часовага ўтрыманьня.