Сёньня суд Цэнтральнага раёну Менска зноў разгледзіць справу Сіўчыка

Радыё Свабода Агляд недзяржаўнай прэсы за 18 верасьня
Сёньня газэта “Белорусы и рынок” друкуе аналітычны матэрыял паводле вынікаў 14-й канфэрэнцыі кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў Руху недалучэньня. Артыкул мае назоў “Цяжар белага чалавека”. Дасьледуецца чаму Аляксандар Лукашэнка паабяцаў падзяліцца зь іншымі краінамі мазгамі і заклікаў іх не быць страусамі.

Таксама тыднёвік паведамляе пра заплянаванае на сёньня паседжаньне Цэнтральнага суда Менска па справе Вячаслава Сіўчыка. Гаворыць аўтар публікацыі Павал Быкоўскі:

(Быкоўскі: ) “Гэта артыкул: “За кратамі насуперак рашэньню суда”. Пяць сутак адміністрацыйнага арышту апазыцыйны палітык правёў насуперак пастанове Менскага гарадзкога суда. Ён папрасіў адваката і працэс адбудзецца ў панядзелак у Цэнтральным раённым судзе зь удзелам адваката Веры Страмкоўскай”.

“Белгазета” сёньня паведамляе, што Беларусь пагоршыла індыкатар лёгкасьці вядзеньня бізнэсу. Паводле выданьня, краіна сёньня займае 129 месца ў гэтым рэйтынгу, перамясьціўшыся ўніз ажно на 5 пунктаў.

Піша “Белгазета” пра вынікі 16-га Міжнароднага эканамічнага форуму ў Польшчы. Тут сустракаліся прэзыдэнты і міністры 40 краінаў Эўропы, Азіі і Амэрыкі. Тыднёвік канстатуе, што ўвагі да мерапрыемстваў, якія тычыліся непасрэдна Беларусі, не назіралася.

У тыднёвіку сёньня – камэнтары да ўказу прэзыдэнта аб новых памерах дзяржаўнай пошліны. Выданьне зьвяртае ўвагу на новыя і больш дарагія стаўкі пры рэгістрацыі палітычнай партыі. Як паведамляецца, сума павялічылася ад васьмі базавых велічыняў да пяцідзесяці.

Таксама “Белгазета” даводзіць, што сярод папулярных відэаролікаў, якія вывешаныя ў Інтэрнэце, да сёньня застаецца зьнятая на відэатэлефон бойка ў электрычцы “Менск-Пухавічы”. Аўтар здымак – студэнтка Кацярына сёньня госьць незалежнага выданьня .

І яшчэ адна тэма сёньняшняга нумару “Белгазеты”: у Беларусі будуць шукаць самых пасьпяховых і прыгожых людзей. Журналісты даведалася, што ў топ-ліст патрапяць 50 чалавек. На пытаньне тыднёвіка, што трэба для гэтага зрабіць, адказвае лідэр групы “Нейра Дзюбель” Аляксандар Куллінковіч.