Невядомы горад Казімір знойдзены ў Сьветлагорскім раёне

Радыё Свабода У Сьветлагорскім раёне знойдзены невядомы раней гістарычнай навуцы горад Казімір, які існаваў у XVII cтагодзьдзі. Горад разьмяшчаўся на месцы цяперашняй вёскі Каралёўская Слабада-2. Гэта паказалі вынікі сёлетніх раскопак пад кіраўніцтвам доктара гістарычных навук Сяргея Рассадзіна і падтрымцы прадстаўнікоў грамадзкасьці Сьветлагорску й мясцовага райвыканкаму.
Будучы ў 2001 годзе ў Варшаве, у Галоўным архіве старадаўніх актаў Польшчы, прафэсар Сяргей Рассадзін зь Беларускага тэхналягічнага ўнівэрсытэту выявіў дакумэнт ад 1643 году пра заснаваньне гораду Казімір у Бабруйскім старостве. Дакумэнт гэты быў зь Нясьвіскага архіву, перададзенага Польшчы бальшавіцкай уладаю Расеі ў 1921 годзе паводле Рыскай дамовы.

Гаворыць прафэсар Рассадзін:

(Рассадзін: ) “Заказаў я некалькі дакумэнтаў, і сярод іх аказаўся прывілей на магдэбурскае права невядомаму гораду Казіміру з выявай герба. Горад заснавала каралева Рэчы Паспалітай Цэцылія, жонка Ўладзіслава Вазы, па паходжаньні аўстрыйская прынцэса з роду Габсбургаў, дачка Фэрдынанда Другога”, – сказаў прафэсар Рассадзін.

Горад Казімір быў названы ў гонар сына Цэцыліі й Уладзіслава – прынца Казіміра, які, дарэчы, ня стаў правіцелем з прычыны заўчаснай сьмерці. Лёс прынца падзяліў і беларускі горад Казімір.

Распавядае ініцыятар раскопак, старшыня Сьветлагорскай раённай арганізацыі “Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны”, гісторык Тэльман Масьлюкоў:

(Масьлюкоў: ) “Прычыны вядомыя. Горад быў разбураны падчас вайны з Расеяй 1654-1667 гадоў. Выяўлены гістарычны дакумэнт, які сьведчыць, што гэтае разбурэньне адбылося ў 1665 годзе”.

Пакуль не ўдалося высьветліць, якім быў горад Казімір – па велічыні, колькасьці жыхароў. Але ўжо першыя раскопкі пацьвердзілі архіўныя дакумэнты – гэта быў менавіта горад.

Апрача рыбалоўства і гандлю, замацаваных у прывілеі на магдэбурскае права, падпісаным каралевай Рэчы Паспалітай Цэцыліяй Рэнатай, у Казіміры існавалі розныя іншыя гарадзкія рамёствы.

(Рассадзін: ) “Мы зафіксавалі кавальскую вытворчасьць, выраб чорнага мэталю, зафіксавалі вельмі добра вытворчасьць мясцовага шкла”, – паведаміў прафэсар Рассадзін.

Сярод шматлікіх знаходак экспэдыцыі – нож з касьцяной рукаяткаю, фрагмэнты тытунёвых трубак, кафлі з рэльефным арнамэнтам, посуду сярэдзіны ХVII стагодзьдзя, кавалкі аконнай сьлюды, шкляных і фаянсавых вырабаў, каваныя цьвікі, дэкаратыўная накладка на рамень, падкоўка для бота, наканечнікі стрэл арбалета і лука, завушніца, манэты ды іншае.

Плянуецца, што ўлетку наступнага году дасьледаваньні гораду Казімір на правабярэжжы ракі Бярэзіны будуць працягнуты.

На здымках: некаторыя знаходкі з раскопак у Каралёўскай Слабадзе-2 (фота Аляксандра Раўценкі).


Крамянёвы нож, каваныя цьвікі, тытунёвая трубка, фрагмэнты посуду, манэта


Падкоўка для бота, наканечнік стралы арбалета, дэкаратыўная накладка на рамень, завушніца, манэты, каваны цьвік, кафля, фрагмэнты посуду