Мілінкевіч заклікаў усіх пайсьці на Кастрычніцкую плошчу са сьвечкамі

Любоў Лунёва, Менск Перад прысутнымі на "Вялікім джынсавым фэсьце" выступіў А.Мілінкевіч. Ён заклікаў усіх адразу пасьля канцэрту пайсьці на Кастрычніцкую плошчу і на знак салідарнасьці зь сем''ямі зьніклых і палітвязьняў запаліць на Плошчы сьвечкі ў 9 гадзін вечара.
Мілінкевіч у сваім выступе казаў пра тое, што гэтым разам усё будзе вырашацца на вуліцах. Ён сказаў, што дыктатуру можна перамагчы толькі ў тым выпадку, калі людзі будуць выходзіць на вуліцу. Ён сказаў, што "калі нас выйдзе шмат, то Лукашэнка сядзе на той самалёт, які ў яго стаіць падрыхтаваны, і паедзе да свайго сябра ў Вэнэсуэлу".

А.Мілінкевіч таксама заклікаў усіх прыйсьці самім і паклікаць сваіх сяброў на суд над Казуліным – разгляд апэляцыі будзе 19 верасьня а 10-й раніцы ў Менскім гарадзкім судзе.

Такім чынам, людзі выказалі падтрымку і сваю рашучасьць пайсьці сёньня на Кастрычніцкую плошчу і запаліць сьвечкі. Я нагадаю, што ў двары Акадэміі навук дагэтуль стаяць БТРы, аўтазакі, міліцэйскія варанкі, а таксама салдаты ўнутраных войскаў, некалькі зь іх – з сабакамі.