"Джынсавы фэст" адкрыла дачка зьніклага А.Красоўскага Валерыя

Валер Каліноўскі, Менск Мітынг-канцэрт "Вялікі Джынсавы фэст" пачаўся з гучных выгукаў "Жыве Беларусь". Арганізатары паведамілі прысутным пра тое, што аналягічныя акцыі салідарнасьці зь беларускай дэмакратыяй праходзяць у гэты час у сталіцах многіх краін Эўропы і краін-суседзяў Беларусі.
А палове на 5-ю на плошчы Бангалор сабралася некалькі тысяч чалавек. У натоўпе шмат сьцягоў сіняга колеру, аднак нацыянальнай сымболікі фактычна няма, я заўважыў толькі некалькі бел-чырвона-белых сьцягоў, якія неўзабаве былі схаваныя, альбо апранутыя ўдзельнікамі акцыі на плечы. Кампэнсуюць недахоп сымболікі сьцягі горада Менска з Маці божай, сьцягі Эўразьвязу, а таксама транспаранты салідарнасьці, "Джынс за свабоду". Ёсьць таксама некалькі транспарантаў з рэгіёнаў – напрыклад, Сьветлагорск за свабоду.

Сярод удзельнікаў фэсту шмат палітыкаў, у прыватнасьці – Віктар Івашкевіч, прадстаўнік БНФ, прадстаўнік АГП Ігар Карнеенка, а таксама лідэр аб''яднаных дэмакратычных сілаў Аляксандар Мілінкевіч.

Першай на фэсьце далі слова дачцэ зьніклага бізнэсоўца Анатоля Красоўскага Валерыі Красоўскай, якая выступіла з прачулай прамовай і заявіла, што мае толькі адну мару, каб злачынцы, якія вінаватыя ў зьнікненьні яе бацькі, былі пакараныя.