Чаму сіроты зь Беларусі імкнуцца ў Італію?

Радыё Свабода Сёньня наш карэспандэнт ня толькі высьвятляў падрабязнасьці лёсу дзяўчынкі са школы-інтэрнату ў Вялейцы, але й шукаў адказаў на пытаньне: чаму сіроты зь Беларусі імкнуцца ў Італію.
Пра тое, што Марыя (гэтак дзяўчынку называюць у італьянскіх мэдыях) мусіць вярнуцца ў спэцыяльную Вялейскую школу-інтэрнат для дзяцей зь цяжкімі парушэньнямі мовы, заявіў сёньня Радыё Свабода адзін з кіраўнікоў гэтай установы. Ён назваўся Мікалаем Пятровічам і папрасіў не казаць ягонага прозьвішча:

(Мікалай: ) “Ведаеце, насьцярожанасьць пэўная ёсьць. Тут такая сытуацыя... Я мяркую, што яна хутка выправіцца. Тады можна будзе даваць нейкія камэнтары. А пакуль, каб не спугнуць удачу, бо праблемы застаюцца, іх трэба ціхенька й спакойна вырашыць. Ня трэба напружваць сытуацыю”.

У Вялейскім раённым аддзеле адукацыі ўдакладняюць, што школа-інтэрнат для дзяцей зь цяжкімі парушэньнямі мовы пабудаваная пяцьдзясят гадоў таму. Дзеці тут знаходзяцца кругласутачна. У школе трыста вучняў, і ва ўсіх дыягназ “разумовая адсталасьць у ступені дэбільнасьці”. Намесьніца начальніка райана Ларыса Петрыкевіч даводзіць, што школа-інтэрнат мае статус юрыдычнай асобы і знаходзіцца на балянсе Менскага абласнога ўпраўленьня адукацыі. Пры згадцы пра Марыю чыноўніца гаворыць:

(Петрыкевіч: ) “Так, мы таксама на першай стадыі, калі пайшла інфармацыя, што суд прыняў рашэньне аб усталяваньні апекі італьянскімі грамадзянамі, афармлялі дакумэнты і ўсё астатняе. Але цяпер я баюся даць якую-небудзь неправераную інфармацыю”.

Чаму сіроты зь Беларусі імкнуцца ў Італію? Пэўныя тлумачэньні атрымліваю ў гутарцы з жыхаркай Меншчыны Аленай Клімук. Пасьля раптоўнай сьмерці дачкі Раісы яна аформіла апякунства на ўнука Віктара. Хлопец сёлета быў на аздараўленьні ў Італіі, і яму там настолькі спадабалася, што спачатку было складана адапатавацца дома.

(Клімук: ) “Я спалохалася, бо ён моцна плакаў. Ну, канечне, там былі тата, мама. На здымках, напрыклад, усе яны на пляжы. У доме ён налічыў дванаццаць пакояў. Тры-чатыры паверхі — гэта гульнявыя пакоі. Там кампутары, і ён яшчэ нешта называў — я ж не разумею. Кожнаму — спальня. Я запытваю: “Домработніца ў доме?” “Не, — адказвае, — усё робіць мама Марыя”.

Далей суразмоўца расказвае, што ўтрымліваць унука ёй становіцца ўсё складаней. За верасень яна атрымала толькі траціну грашовай дапамогі, налічанай паводле былых заробкаў яе дачкі — маці Віктара.

(Клімук: ) “Маё дзіця зарабіла 145 тысяч рублёў. Пералічвалі з райсабесу. Я кожны месяц яму зьбіраю. Пайшла цяпер — а ўжо не 145 тысяч, а 36. Прыходжу ў райсабес, а яны мне тлумачаць, што ён ужо нібыта ў школе харчуецца бясплатна ды яшчэ нешта... Так плакала, што мяне нібы агалілі. Ды так страшна, такое пачуцьцё неабароненасьці!”

Наша радыё будзе дасьледаваць, чаму беларускім сіротам паменшылі грашовыя пэнсіі, заробленыя бацькамі.