Улады забаранілі нацыянальную сымболіку на “Джынсавым фэсьце” (абноўлены)

Радыё "Свабода" Супрацоўнікі міліцыі Менгарвыканкаму пісьмова папярэдзілі заяўнікаў “Джынсавага фэсту”. Іх будуць прыцягваць да адміністрацыйнай адказнасьці, калі ўдзельнікі імпрэзы прынясуць бел-чырвона-белыя сьцягі ці іншую нацыянальную сымболіку.
Акрамя таго, улады заявілі, што для канцэрту неабходная ліцэнзія, інакш ён можа быць забаронены. Заяўнікі “Джынсавага фэсту” ўжо падпісалі дамовы на абслугоўваньне імпрэзы з камунальнымі службамі, хуткай дапамогай, Міністэрствам надзвычайных сытуацыяў ды іншымі арганізацыямі. За гэта ім давядзецца заплаціць некалькі мільёнаў беларускіх рублёў. Яны таксама пісьмова паабяцалі, што ўдзельнікі акцыі ня будуць уздымаць бел-чырвона-белых сьцягоў ды іншай нацыянальнай сымболікі. На заявы чыноўнікаў, што на канцэрт патрэбны асобны дазвол, Віктар Івашкевіч адказаў:

(Івашкевіч: ) “Мы не займаемся канцэртнай дзейнасьцю. Мы праводзім мітынг, дзе палітык скажа палітычную прамову, паэт прачытае верш, а музыка прасьпявае песьню. Гэта іхная форма ўдзелу ў мітынгу. А канцэрт — гэта калі квіткі ды іншае. Мы ж гэтым не займаемся”.

Як паведаміў Віктар Івашкевіч, складзены сьпіс і парадак выступу палітыкаў, а таксама музыкаў. Разам зь вядомымі й папулярнымі рок-калектывамі, такімі, як “Нэўра Дзюбэль” і іншыя, выступяць і маладыя гурты. Сярод іншых — “Таварыш Маўзэр” з Магілёва. Ягоны лідэр Ян пра свой удзел у імпрэзе кажа так:

(Маўзэр: ) “Для нас гэта, па-першае, канцэрт, бо ўсё ж такі мы музычны гурт. Хаця для мяне, прыкладам, вельмі сымбалічна, што ён прыпадае на дату 16-га — Дзень салідарнасьці. Воля ўсіх людзей, хто супраць, а такіх вельмі шмат — гэта вельмі моцная рэч”.

Зь лідэраў палітычных партыяў адным з удзельнікаў “Джынсавага фэсту” будзе таксама лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька.

(Лябедзька: ) “Сем гадоў таму Аб’яднаная грамадзянская партыя згубіла аднаго з сваіх найбольш яркіх лідэраў — Віктара Ганчара. Краіна не атрымала пэрспэктыўнага кандыдата ў прэзыдэнты. А я асабіста сем гадоў таму страціў добрага сябра. Таму кожны год у верасьні мы праводзім акцыі рознага фармату. Мы павінны нагадваць пра Віктара Ганчара, пра Анатоля Красоўскага, пра Зьмітра Завадзкага ды іншых людзей. Калі мы будзем пра гэта памятаць, то ў нас будзе шанец, што гэта ж не паўторыцца заўтра ці пасьлязаўтра”.

“Джынсавы фэст” быў адмыслова прымеркаваны да Дня салідарнасьці. 16-га чысла кожнага месяца дэмакратычныя сілы Беларусі праводзяць акцыю салідарнасьці зь сем’ямі зьніклых у Беларусі палітыкаў. Сёлета 16 верасьня спаўняецца сем гадоў ад часу зьнікненьня Віктара Ганчара й Анатоля Красоўскага.

Радыё Свабода