Сьвяткаваньне Дня горада ў Менску сапсаваў дождж (фота)

Валер Каліноўскі, Менск 9 верасьня ў Менску гарадзкія ўлады правялі Дзень горада, да гэтага сьвята была прымеркаваная сустрэча мэраў сталіц і буйных гарадоў СНД на чале з маскоўскім кіраўніком Юрыем Лужковым. Юрый Лужкоў паабяцаў, што маскоўскія будаўнікі ўзьвядуць у Менску мікрараён элітнага жыльля да 2 мільёнаў квадратных мэтраў.
Ніякіх імпрэзаў на галоўнай плошчы Менску – Кастрычніцкай – не назіралася. Амаль усё сьвяточныя мерапрыемствы былі перанесеныя ў мікрараёны. У Заводзкім раёне Менску ля помніка “Беларусь партызанская” групу школьнікаў прымалі ў піянэры, у Маскоўскім раёне наладзілі прагляд дакумэнтальнага фільма “Запрашае Беларусь”, у Кастрычніцкім – конкурс цырульнікаў. Ля новага будынку Нацыянальнай бібліятэкі разьмясьцілася выстава дасягненьняў народнай гаспадаркі уключна з трактарамі, аўтобусамі, грузавікамі, тэлевізарамі.

На сьвяточных пляцоўках людзей было няшмат, сьвяту замінаў дождж, які ліў усю раніцу. Разам зь нешматлікімі менчукамі на пляцоўках былі заўважаныя прадстаўнікі буйных гарадоў краін СНД. У рамках дня горада ў Менску сёньня праводзіцца 10-я сустрэча асамблеі сталіц і буйных гарадоў СНД, якую ўзначальвае маскоўскі мэр Юры Лужкоў. Спадар Лужкоў выказаў шмат камплімэнтаў гаспадарам сустрэчы, у прыватнасьці, пахваліў беларускую мадэль разьвіцьця, зазначыўшы, што калі б Расея скарысталася гэтым досьведам на пачатку 1990-х гадоў, то ў яе не было б алігархаў.

Аляксандар Лукашэнка пахваліўся перад мэрамі гарадоў СНД:

(Лукашэнка: ) “Нядаўна сацыёлягі папрасілі ацаніць менчукоў розныя аспэкты жыцьця сталіцы, потым параўналі іх са зьвесткамі, атрыманымі ў выніку складаных апытаньняў у іншых буйных эўрапейскіх гарадах. І што ж, жыцьцём у Менску задаволеныя каля 87 адсоткаў апытаных. Паводле гэтага паказчыку Менск нязначна саступае Бэрліну, але абышоў Лёндан, Мадрыд, а сёньня і Парыж”.

Мэр Масквы Юры Лужкоў па выніках свайго знаходжаньня ў Менску паведаміў, што паводле дамоўленасьці зь беларускімі ўладамі маскоўскія будаўнікі пачнуць узьвядзеньне ў Менску цэлага мікрараёна “супэрсучасных жылых дамоў” – пакуль што 100 тысяч квадратных мэтраў, а ў пэрспэктыве – да двух мільёнаў квадратных мэтраў. Акрамя таго, спадар Лужкоў паведаміў, што падчас перамоваў з А. Лукашэнкам дасягнутая дамоўленасьць аб будаўніцтве ў Менску дзесяці гіпэрмаркетаў з удзелам маскоўскага капіталу. Адзін з такіх аб’ектаў пад назвай “ProStore” ужо пачаў дзейнічаць.


Прыём у піянэры ў Заводзкім раёне


Прыём у піянэры ў Заводзкім раёне


Выстава дасягненьняў народнай гаспадаркі ля Нацыянальнай бібліятэкі


Выстава дасягненьняў народнай гаспадаркі ля Нацыянальнай бібліятэкі


Пустая кавярня


Канцэрт БРСМ ля Палацу чыгуначнікаў