Ці ёсьць гарантыя захаваньня банкаўскіх укладаў?

Радыё Свабода У Беларусі будуць мяняць мэханізм гарантаваньня ўкладаў насельніцтва ў банках. Пра гэта паведаміў першы намесьнік старшыні праўленьня Нацыянальнага банку Павал Калаур. Згодна з праектам новага закону, фізычным асобам будуць гарантаваць вяртаньне сродкаў ва ўсіх банках Беларусі ў межах 4,5 - 5 тысяч эўра.
На сёньняшні дзень дзяржава гарантуе поўную захаванасьць грошай у нацыянальнай і замежнай валютах толькі ў "Беларусбанку" і "Белаграпрамбанку". Яшчэ ў чатырох банках -- "Белпрамбудбанку", "Белзнешнеэканомбанку", "Прыорбанку" і "Белінвэстбанку" -- гарантуецца захаванасьць банкаўскіх укладаў у замежнай валюце. У астатніх банках зьберажэньні насельніцтва страхуюцца быццам бы праз створаны ў Нацыянальным банку гарантыйны фонд абароны ўкладаў і дэпазытаў фізычных асобаў. І ў выпадку банкруцтва укладчыкам вяртаецца сума эквівалентная ня больш за 1 тысячу даляраў (у беларускіх рублях).

Але, на думку экс-старшыні Нацыянальнага банку прафэсара Станіслаўва Багданкевіча, гэта толькі прадэкляравана.

(Багданкевіч: ) "За гэтым нічога не стаіць, таму што ў бюджэце не прадугледжаныя грошы для стварэньня вось такога страхавога фонду. Калі прэзыдэнт заявіў, што "Беларусбанк" гарантуе 100-працэнтнае вяртаньне сродкаў укладчыкам у рублях. Але гэта заява была пустой, таму што ніякіх фондаў, ніякіх адлічэньняў на страхаваньне гэтых укладаў не было раней".

Згодна з новым праектам закону, будзе гарантавацца вяртаньне ўкладаў ва ўсіх банках Беларусі, і верхняя мяжа - 5 тысяч эўра ў эквіваленце ў беларускіх рублях. Як выказаўся першы намесьнік старшыні праўленьня Нацыянальнага банку краіны Павал Калаур, "не павінна аддавацца якіх-небудзь прыярытэтаў замежным валютам. Трэба падтрымліваць нацыянальную валюту".

Задумка добрая, лічыць эканаміст Леанід Злотнікаў, але ёсьць пытаньне.

(Злотнікаў: ) "А вось тое, што ўклады будуць вяртаць у беларускай валюце, тут ёсьць пытаньне: па якому курсу. Калі курс валют будзе рынкавы, страты насельніцтва будуць мізэрныя. Страты могуць быць за кошт маржы (розьніцы пакупкі і продажу). Калі ж будуць адхіленьні ад рынкавага курсу, будуць значныя страты для насельніцтва".

Паводле словаў спадара Калаура, павінен дзейнічаць мэханізм рынкавай дысцыпліны, калі грамадзяне на падставе празрыстай банкаўскай інфармацыі маглі б асэнсавана ацэньваць рызыкі і выбіраць банк для захоўваньня сваіх сродкаў. На думку экс-старшыні Нацыянальнага банку прафэсара Станіслава Багданкевіча...

(Багданкевіч: ) "Калі гэта будзе асэнсаванае заканадаўства, будзе створаны страхавы фонд і назапашаныя страхавыя сумы для гарантыі, крокі правільныя будуць".

Да прыняцьця новага закону (мяркуецца, што разгляд яго адбудзецца на восеньскай сэсіі Нацыянальнага Сходу) будуць дзейнічаць старыя правілы.