М.Астрэйку і Ц.Дранчука перавялі ў ізалятар на Валадарскага

Паводле БелаПАН Асуджаных актывістаў незарэгістраванай арганізацыі “Партнэрства” Міколу Астрэйку і Цімафея Дранчука перавялі зь сьледчага ізалятару КДБ у сьледчы ізалятар ГУУС Менгарвыканкаму на вуліцы Валадарскага. Пра гэта агенцтву БелаПАН паведаміла сястра Цімафея Дранчука Юлія.
Паводле яе словаў, сёньня ж Цімафей сустрэўся з адвакатам – той і паведаміў сваякам аб пераводзе асуджанага. “Як мне сказалі, у СІЗА на Валадарскага спачатку не разабраліся і ледзь не пасадзілі Міколу Астрэйку і Цімафея ў адну камэру”, – зазначыла Юлія Дранчук.

Нагадаем, што раней у СІЗА ГУУС Менгарвыканкаму былі пераведзеныя іншыя асуджаныя па справе “Партнэрства” – Аляксандр Шалайка і Эніра Браніцкая.

Актывісты “Партнэрства” пакараныя рознымі тэрмінамі пазбаўленьня волі: Мікалай Астрэйка – двума гадамі, Цімафей Дранчук – годам, Эніра Браніцкая і Аляксандр Шалайка – шасьцю месяцамі.