Ці лічыце вы, што ўлада ўмешваецца ў прыватнае жыцьцё грамадзян?

Радыё Свабода, Віцебск На наша новае пытаньне тыдня адказваюць людзі на менскіх вуліцах
(Дзяўчына: ) “Канешне, дзяржава аказвае нейкае ўзьдзеяньне і на маё прыватнае жыцьцё. У мяне няма гарантыі, што мой тэлефон не праслухваецца, што не праглядваюць маю пошту. Я не магу свабодна выказваць свае думкі, нават калі я знаходжуся недзе са сваімі сябрамі. У навучальных установах вельмі глядзяць за тым, каб нічога лішняга не сказалі, каб кудысьці ня ўлезьлі.”

(Спадар: ) “ Мне ўсё роўна! У мае жыцьцё ніхто не ўмешваецца, жывем нармалёва!”

(Хлопец: ) “Па тэлефоне я на ўсялякі выпадак ніколі нічога важнага не абмяркоўваю. У мяне ёсьць яўныя падазрэньні, але доказаў жа няма…”

(Спадар: ) “Эпізод з сакратаром латвійскай амбасады будзе ў падручніках – як прыклад, чаго не трэба рабіць. Магчымасьць такога ўмяшаньня ў прыватнае жыцьцё нельга выключаць, калі займаешся палітыкай”.

(Спадарыня: ) “Я сама з’яўляюся чалавекам з нетрадыцыйнай сэксуальнай арыентацыяй, і гэтыя тэндэнцыі, якія можна заўважыць у нашай краіне, мяне турбуюць. Ну ёсьць тэндэнцыі да ўмяшаньня ў прыватнае жыцьцё!”

(Спадар: ) “Канешне, пастаянна умешваецца: перамовы, пошта, камунікацыі, інтэрнэт, абмежаваньне доступу на культурныя мерапрыемствы, сьвяты, канцэрты, да кніг, прэсы. Палову гадзіны можна пералічваць!”

(Дзяўчына: ) “Калі размаўляеш па-беларуску (я сутыкнулася з такой сытуацыяй) нашы ахоўнікі парадку рэагуюць так, што могуць і забраць. Я раз размаўляла па-беларуску, і мяне забралі ў “ментоўку”!

(Спадар: ) “Дзяржава, на мой погляд, зьдзяйсьняе свае функцыі. Проста частка функцый заснавана на абмежаваньні свабодаў грамадзян дзеля забесьпячэньня стабільнасьці соцыюма. Ёсьць некаторыя перагібы, але гэта для этапу станаўленьня даволі характэрна!”