Дэмакратаў не пусьцілі на канфэрэнцыю да 500-годзьдзя Клецкай бітвы

Міхал Стэльмак, Менская вобласьць У Клецку сёньня працягваліся мерапрыемствы з нагоды 500-годзьдзя Клецкай бітвы. У будынку мясцовага райвыканкаму прайшла навукова-практычная канфэрэнцыя, прысьвечаная перамозе войска Вялікага княства Літоўскага над крымскімі татарамі.
Прыняць удзел у ёй зьбіраліся і мясцовыя актывісты дэмакратычнага руху, якія прыклалі шмат намаганьняў для ўшанаваньня на Клеччыне гэтай гістарычнай падзеі. Аднак, як паведаміў Радыё Свабода актывіст Сяргей Панамароў, клецкія ўлады адмовілі ім прысутнічаць на сёньняшнім мерапрыемстве:

(Панамароў: ) “Нас, Чаславу Князеву, спадара Паклонскага і мяне, міліцыя і незнаёмыя людзі ў цывільным літаральна выкінулі. Толькі па сьпісах, толькі кіраўніцтва раёну і райвыканкамаўскія работнікі”.

Паводле спадара Панамарова, тутэйшыя дэмакраты ўшанавалі памяць ваяроў ВКЛ разам зь менскімі гасьцямі, у ліку якіх былі мастакі, літаратары, палітыкі, якія ў сувязі з гістарычнай датай пабывалі ў Клецку. У прыватнасьці, прадстаўнікі моладзі БНФ, як паведаміў “Свабодзе” актывіст Франак Вячорка, наведалі шэраг памятных мясьцінаў Клеччыны, зьвязаных з нацыянальна-вызвольным рухам.