"Фальсыфікатараў, у тым ліку Цэнтрвыбаркам, наш народ будзе судзіць строга па закону, а не закрытым судом, як бальшавікі судзілі ні ў чым не павінных людзей..."

Радыё Свабода Водгукі слухачоў за пятніцу, 4 жніўня. Круглыя суткі вы можаце тэлефанаваць па менскім нумары 290-39-52 і пакідаць свае водгукі на нашым аўтаадказьніку, а таксама дасылаць СМС-паведамленьні па нумары 391-22-24.
(Спадарыня з Магілёву: ) “Хачу выказаць сваё меркаваньне. Я лічу, што ніякіх зваротаў да Лукашэнкі ня трэба рабіць. Занадта шмат гонару для яго. Гэта пусты, нікчэмны чалавек. Выратаваць таксоўшчыкаў павінна мясцовая ўлада горада Берасьця, а яшчэ ўсе прадпрымальнікі Рэспублікі Беларусь. Калі мясцовая ўлада выбіралася з народу, то і працаваць яна павінна дзеля народу, а не на Лукашэнку. І таму ўсе прадпрымальнікі ва ўсіх гарадах Рэспублікі Беларусь павінны выйсьці на вуліцы, і, пакуль ня будуць выкананыя патрабаваньні галадоўнікаў, не разыходзіцца. Вось такое маё меркаваньне”.

(Ларыса зь Менску: ) “…І людзі больш сталага ўзросту абыякава адносяцца да тых маладых, якіх судзяць. Абыякавасьць сьведчыць аб тым, што яны нават ня слухаюць Радыё Свабоду, не чытаюць незалежную прэсу, а глядзяць тэлевізар і ўсе зьвесткі чэрпаюць з гэтай крыніцы. І наогул, нашы беларусы не аб’яднаныя, ня любяць сваю мову, нацыянальную культуру. Я захапляюся нацыянальнымі меншасьцямі, якія жывуць у нашай краіне. Калі іх сустракаеш ці ў транспарце, ці на базары, а часьцей менавіта там, чуеш, што яны размаўляюць на сваёй роднай мове, але разумеюць і па-руску, і па-беларуску. А мы, беларусы, не разумеем адзін аднаго, абруселі канчаткова. Слухаю, як Ганна Сурмач сустракаецца з беларусамі, якія зьехалі зь Беларусі па розных прычынах, нават тыя, што зьехалі пасьля Другой Сусьветнай Вайны. Яны дагэтуль аб’яднаныя, размаўляюць на сваёй мове і нават вучаць сваіх дзяцей і ўнукаў роднай мове. Некалькі год таму я сустракалася са сваёю стрыечнай сястрою, якая жыве ў штаце Аёва. Дык там тое самае: размаўляюць паміж сабой на роднай мове і вучаць сваіх унукаў гэтай мове, а радзіму пакінулі даўным-даўно”.

“Адзін слухач кажа, што Захад хоча нам скінуць усю прадукцыю і нашую эканоміку падарваць. Хачу яму сказаць наступнае: прайдзі па нашаму любімаму Менску і зьвярні ўвагу, у што апранутыя нашыя маладыя грамадзяне. Усе апранутыя ў замежнае адзеньне: кофтачкі, штаны й іншае. Такім чынам, бачым, што нашая лёгкая прамысловасьць нічога людзкага не прапануе. А калі нешта робіць, то гэтая прадукцыя дарагая і не карыстаецца попытам. У гэтым пытаньні мы залежым ад Захаду альбо Кітаю. Усе апранутыя ў замежнае адзеньне. Тое ж датычыцца і машын. Мы бачым машыны замежнай вытворчасьці. Так што залежым і ад Захаду, і ад Усходу. Адны людзі сталага веку апранутыя ў тое, што купілі яшчэ ў маладыя гады, альбо ў вопратку, якую аддалі маладзейшыя родзічы. Вось што атрымліваецца”.

“У нашым паўсядзённым жыцьці мала гумару. І калі чуеш выступ Вінцэся Мудрова, дык становіцца весялей жыць. Прапаную зрабіць гумарэску на тэму таго, каго ў свой час называлі “стылягай.” Якія характэрныя рысы былі ў такіх людзей і адносіны да іх усіх астатніх грамадзян?”

(Спадарыня: ) “Добры вечар, шаноўная “Свабода”! Я хачу сказаць, што вашага шаноўнага чалавека бачыла мімаходзь. Але ён глыбока зайшоў мне ў душу, і я помніла гэтага разумнага чалавека. Дзякую за ўвагу”.

(Любоў Іванаўна: ) “Я б хацела ведаць, калі гэта скончыцца абалваньваньне людзей ня толькі рэклямай, а і “Супэрлято” і “Наша лято.” Ну чаму? Навошта нам гэта? Вось я пэнсіянэрка…Нам гэта так непатрэбна! Ну ні хто ж не прымушае браць гэтае лято! Але чым нам заняцца ўвогуле, калі няма ніякай працы?!.. Дзякую”.

(Спадар: ) “Надоечы я чуў інтэрвію з былым кіраўніком нашага Нацыянальнага банка, і там абмяркоўвалася пытаньне аб нашай славутай легендарнай валюце талер, які так і не стаў, на жаль, нашай валютай. Сапраўды, у народзе ходзяць чуткі, і, кажуць, апраўданыя чуткі, што ўся гэтая залатая валюта, якая шмат каштавала фінансава для беларускага народа, на сёньняшні дзень зьнішчаная: яна ці то была пасечаная, вывезеная і пасьля спаленая на менскім сьметніку. Вось, сапраўды, гэта тэма для расьсьледаваньня і вывучэньня “Свабоды”. Дзякую за ўвагу”.

(Спадар: ) “Добры дзень! Я думаю, што, па-першае, вы ўвесь час зьвяртаецеся за прапановамі для праграм вашага радыё. І першае, што вам неабходна зрабіць, гэта сур''ёзную праграму пра кіно і тэатар. Ужо, дзякуй богу, літаратурай мы аб’ядаемся ў вас, а вось пра кіно і тэатар малавата. Для гэтага, сапраўды, неабходная сур''ёзная праграма. І яшчэ хацелася б пачуць нармальную, здаровую калыханку для беларускіх дзяцей, калі мы насамрэч хочам рыхтаваць патрыётаў. Вось, зь беларускімі казкамі і песьнямі. А не зь нейкімі песенькамі вычварэнскімі а 12-й гадзіне ночы, народжанымі нейкімі адпаведнымі мроямі. Так што падумайце, калі ласка, над гэтым. Дзякуй за ўвагу”.

“Вось вельмі прыемна чуць у эфіры спадара Някляева і ня менш прыемна чуць Рыгора Іванавіча Барадуліна, нашага будучага Нобэлеўскага ляўрэата. Безумоўна, гэта ўсё неабходна, але ці вядома вам, што ў маладосьці гэтыя людзі служылі тым ідэалам, за якія яны зараз так ганьбяць “халдзеяў,” тых, хто нібыта там у дзяржаўным саюзе пісьменьніцкім? Вось вы бераце інтэрвію ў былога камсамольца Някляева і аўтара “Бібліі ад Сатаны” Рыгора Барадуліна, а паспрабуйце ўзяць інтэрвію ў Міколы Мятліцкага! А?!”

(Спадар: ) “Вы пытаецеся там вельмі актыўна, дык трэба вам адказаць, што там такое на Ўкраіне адбылося і як бедная Ўкраіна будзе жыць далей, паколькі парэкамэндавалі Януковіча. Вельмі проста: пад кіраўніцтвам Амэрыкі адбыўся пераварот. Нахабна, крыкам, як заўсёды гэта робяць, як у Кыргызстане, як у Югаславіі, (а ў нас не прайшло і ня пройдзе) адбыўся пераварот. Прыйшоў Юшчанка, і Ўкраіна легла. Усё, з кожным днём пагаршаецца яе становішча. І таму гэты стаўленік амэрыканскі, як і ў Грузіі, бачыць, што Ўкраіна гіне…І ён проста вымушаны быў гэта зрабіць. А Януковіч, як тады перамог на выбарах, так і цяпер яго партыя перамагла. А калі б ён парлямэнт распусьціў, то партыя Януковіча на 20-30% узяла б больш галасоў. І наогул, тады б імпічмэнт зрабілі. Але гэтая валтузьня, якую б учыніў прэзыдэнт, вельмі дорага каштавала б украінцам. Гэтая Амэрыка раскалола Ўкраіну на дзьве часткі, што яны спрабавалі і ў нас зрабіць. Грошы выдзяляюць і гэтак далей. Дудкі! Ня выйдзе! І што б не казалі вашыя падасланыя…”

(Анастас Семяновіч: ) “Вельмі шаноўнае спадарства Радыё Свабоды! Добры дзень! Дарагая гаспадыня Любоў Разановіч! Я вас вельмі прашу: жыцьцё даецца адзін раз у жыцьці, ня трэба раней часу сыходзіць з гэтага сьвету. У вас ёсьць дзеці і родныя, вы падумайце пра іх. Лукашэнкаўская вэртыкаль пра іх не падумае, яна да ўсяго абыякавая, усё думае, як захаваць уладу ў сваіх руках. Я стары пэнсіянэр, ведаю, што такое вайна, увесь час працаваў зь людзьмі, але такога дзікунства з боку ўлады я ня ведаю. Напэўна, такіх прыкладаў няма ва ўсім сьвеце. Любоў Разановіч, я вас вельмі прашу спыніць галадоўку, калі ўжо ня позна”.

“Я хачу адказаць таварышу бальшавіку-лукашысту ўчарашняму, які абвінаваціў карэспандэнта. Чаму вы лічыце маладых людзей з “Партнэрства” злачынцамі, якія, па вашаму меркаваньню, падрыхтавалі сьпіс, у якім было, што Аляксандра Мілінкевіча выбраў народ? Нават хапіла нахабства прывесьці прыклад Украіны. Я вам, бальшавіку, адказваю, што больш чатырох тысяч фальсыфікатараў, у тым ліку Цэнтрвыбаркам, наш народ будзе судзіць строга па закону, а не закрытым судом, як бальшавікі судзілі ні ў чым не павінных, сумленных, разумных людзей. Больш за 50 мільёнаў чалавек. Вось, бальшавік, што значыць дыктатура. Баюся, што мы прыбліжаемся да гэтага часу. Галадаюць дзеці, жанчына, якая аб’явіла сухую галадоўку і адказваецца ад мэдыцынскай дапамогі. Калі ёсьць чым думаць, дык трэба ўсімі сіламі падтрымліваць дарагіх юнакоў, будучых герояў Беларусі. Жыве Беларусь!”