У судзе над актывістамі “Партнэрства” пачаліся спрэчкі

Любоў Лунёва, Менск Чацьвёрты дзень каля будынку суду Цэнтральнага раёну зьбіраюцца людзі на знак салідарнасьці з арыштаванымі актывістамі незарэгістраванай арганізацыі “Партнэрства”. Эніру Браніцкую, Міколу Астрэйку, Цімафея Дранчука й Аляксандра Шалайку абвінавачваюць у кіраваньні арганізацыяй, якая парушае правы й інтарэсы грамадзянаў. Ад 21 лютага іх трымаюць пад вартай. Суд праходзіць за зачыненымі дзьвярыма. Сёньня апыталі ўсіх сьведак і прагледзелі пісьмовыя матэрыялы крымінальнай справы. Людзі, якія сабраліся на вуліцы, чакалі зьвестак пра выступ прадстаўніка дзяржабвінавачаньня.
Нягледзячы на моцны дождж, каля будынку суду зноў сабраліся сваякі й паплечнікі актывістаў “Партнэрства”. Сьведкі пасьля таго, як іх апыталі, выходзілі да натоўпу й распавядалі, што адбываецца ў судовай залі. Арыштаваныя Эніра Браніцкая, Мікола Астрэйка, Цімафей Дранчук і Аляксандар Шалайка, калі адказвалі на пытаньні альбо пыталіся самі, уставалі – каб убачыць праз вакно людзей на вуліцы, што махалі ім рукамі.

Маці Міколы й Эніры, Яўгенія Астрэйка й Віялета Браніцкая, стаялі каля суду ад самай раніцы, пад парасонамі. Каб іх маглі бачыць дзеці, жанчыны змушаны былі стаць на прыступку на вуліцы Багдановіча. На вуліцы – інтэнсіўны аўтамабільны рух, лужыны, і кабет увесь час абпырсквалі вадой машыны.

Гаворыць Яўгенія Астрэйка:

(Астрэйка: ) “Зноў мы стаім ля будынку суду… Дождж… Усе намоклі. У памяшканьне нас не пускаюць. Чакаем, што сёньня скажа пракурор. Можа, нешта добрае скажа. Але мала надзеі…Усё ж спадзяёмся…”

Ірына Казуліна прыйшла да суду, каб выказаць падтрымку сваякам арыштаваных актывістаў “Партнэрства”.

(Казуліна: ) “Прыйшла да суду, каб пабыць разам з бацькамі, з жонкамі актывістаў “Партнэрства”. Я добра разумею іх. Мабыць, больш за іншых… Я ведаю, як гэта, асабліва ў апошнія дні, калі перажываеш, калі ў цябе шмат рознай інфармацыі… І яшчэ ёсьць надзея, што ўсё скончыцца добра”.

Актывіст незарэгістраванага Маладога Фронту Зьміцер Хведарук зьявіўся да суду разам са сваімі партнэрамі з іншых моладзевых арганізацый. Ён паведаміў “Свабодзе”, што прыйшоў сюды прадэманстраваць салідарнасьць з арыштаванымі актывістамі “Партнэрства”.

Сваякі арыштаваных Эніры Браніцкай, Міколы Астрэйкі, Цімафея Дранчука й Аляксандра Шалайкі маюць пэўнасьць: пасьля выступу пракурора ўжо стане больш зразумела, якую пазыцыю зойме суд.

Да абеду заслухалі паказаньні сьведак, а пасьля перапынку судзьдзя Леанід Ясіновіч зачытаў паказаньні тых, хто ня змог прыйсьці на суд. Ён выказаў просьбу да ўдзельнікаў працэсу падрыхтавацца да спрэчак.

Першым мусіць выступіць прадстаўнік дзяржабвінавачаньня.