Мілінкевіч пра суд над "Партнэрствам": "Палітычны характар відавочны"

Радыё Свабода Агляд некаторых публікацыяў у недзяржаўным друку
Сёньня ў газэце “Белоруссы и рынок” публікацыя да закрытага суду над незарэгістраванай арганізацыяй “Партнэрства”. Як паведамляецца, дыпляматы і журналісты спрабавалі патрапіць у залю, але ніхто зь іх не атрымаў дазволу. Прычына – нібыта ўдзельнікам працэсу можа пагражаць небясьпека. Але, цытую словы былога кандыдата на прэзыдэнта Аляксандра Мілінкевіча: “Палітычны характар суду відавочны, улада баіцца праўды”.

Піша тыднёвік і пра вызначэньне дэмакратычнымі сіламі тактыкі ўдзелу ў мясцовых выбарах. Лідэры партыяў ужо заяўляюць, што апазыцыя можа вылучыць ад трох да пяці тысяч кандыдатаў.

Яшчэ адна тэма нумару – што пагражае Беларускаму мэталюргічнаму заводу ў выніку непазьбежнага росту кошту на расейскі газ?

Сытуацыю ў эканоміцы аналізуе таксама “Белгазета”. У артыкуле “Куды паляцяць трэскі?” вывучаецца праблема: чаму многія прыватнікі сьпехам пачалі выводзіць свае актывы з дрэваапрацоўчай галіны?

Скандальны крызіс на расейскім алькагольным рынку вымушае экспэртаў зьвяртацца да сытуацыі ў Беларусі. І, як піша сёньня “Белгазета”, пры зьнешняй стабільнасьці, лікёра-гарэлкавыя заводы ў Берасьці, Гомелі й Горадні маюць мільярдныя запазычанасьці перад бюджэтам. У Беларусі, як канстатуе выданьне, ужо сёлета атруціліся алькаголем і памерлі амаль паўтары тысячы чалавек.

Актуальная навіна ў “Брестской газете” зь Пінску. Пры падрыхтоўцы да новага ацяпляльнага сэзону выкрылася, што начальнік вытворчага аддзелу прадпрыемства “Цеплавыя сеткі” дзеля атрыманьня прэміяльнай выплаты завышаў у справаздачы колькасьць выдаткаванага цяпла спажыўцам. Тым самым залішне спагнаў 312 мільёнаў рублёў, паведамляе рэгіянальны тыднёвік.

Пра скрытае назіраньне за ўдзельнікамі руху на аўтамагістралі “Берасьце-Менск-мяжа Расеі” таксама піша “Брестская газета”. На найбольш аварыйных участках міліцыянты будуць несьці варту ў аўтамабілях без апазнавальных знакаў. Як даведаліся журналісты, фіксаваць парушэньні будзе спэцыяльны прыбор “Кадр”, перавышэньне хуткасьці пагражае штрафам да 300 тысяч рублёў”