Менгарвыканкам забараніў канцэрт 27 ліпеня на плошчы Бангалор

Радыё Свабода. Арганізатары рок-канцэрту з нагоды 16-й гадавіны прыняцьця Дэклярацыі аб сувэрэнітэце і дзяржаўнай незалежнасьці Беларусі заяўляюць, што музычная імпрэза адбудзецца, ня зважаючы на забарону гарадзкіх уладаў.
Нагадаем: група грамадзян, у тым ліку, – пісьменьнік Уладзімер Арлоў, а таксама грамадзкія актывісты Валянціна Сьвяцкая й Аляксандар Жучкоў, падалі ў Менгарвыканкам заяўку на правядзеньне канцэрту ў гонар чарговай гадавіны абвяшчэньня Дзяржаўнага сувэрэнітэту на плошчы Бангалор 27 ліпеня. Менскія чыноўнікі адмовіліся задаволіць гэтую заяву на той падставе, што да 30 ліпеня на згаданай плошчы праводзяцца пікеты ў падтрымку Аляксандра Казуліна.

Арганізатары цьвердзяць, што гэта ёсьць надуманай і фармальнай прычынай адмовы, а насамрэч улады не жадаюць паўтарэньня канцэрту, які адбыўся ў падтрымку палітвязьняў і супраць трэцяга тэрміну Аляксандра Лукашэнкі. Цяпер вядуцца пошукі новай пляцоўкі для сьвяточнай імпрэзы, але час і месца яе правядзеньня пакуль канчаткова ня вызначаны.