Уга Чавэс бачыць у Беларусі мадэль дзяржавы, якую Вэнэсуэла пачынае будаваць

Радыё Свабода, Менск Cёньня ўвечары ў Менск прыбыў з афіцыйным візытам прэзыдэнт Вэнэсуэлы Уга Чавэс. У аэрапорце яго сустракаў прэм’ер-міністар Беларусі Сяргей Сідорскі з ганаровай вартай.
Яшчэ ў аэрапорце спадар Чавэс зрабіў некалькі заяваў. Ён сказаў, што хоча закласьці першы камень у адносіны Вэнэсуэлы і Беларусі і ўпэўнены, што супрацоўніцтва будзе моцным і прынясе добры плён для абедзьвюх краін. У якасьці галінаў для супрацоўніцтва ён назваў энэргетыку, нафтахімію, навуку, тэхніку і адукацыю. Тут мы адчуваем сябе сярод сваіх сапраўдных сяброў і братоў, заявіў спадар Чавэс. Ён зазначыў, што ягоную краіну хацелі калянізаваць, але ён выступае за тое, каб ніхто ня мог ні падмануць, ні эксплюатаваць народы. Паводле словаў Чавэса, у Беларусі ажыцьцявілі лёзунг Леніна аб тым, што трэба пакончыць з эксплюатацыяй чалавека чалавекам. Тут мы бачым мадэль сацыяльнай дзяржавы, якую мы толькі цяпер пачынаем будаваць.

У прэсавай службе прэзідэнта паведамілі, што падчас знаходжаньня Уга Чавэса ў Беларусі будзе падпісана сем дамоваў, а таксама сумесная дэклярацыя прэзыдэнтаў Беларусі і Венэсуэлы.