У Беларусі вырабляюцца наркотыкі?

Радыё Свабода Супрацоўнікі беларускага КДБ затрымалі гарадзенца, якому інкрымінаваны незаконны абарот наркатычных сродкаў. Грамадзянін Беларусі быў схоплены ў часе сбыту вялікай партыі гераіну.
Паводле прэсавай службы Менскага абласнога ўпраўленьня дзяржбясьпекі, затрыманы меў намер арганізаваць пастаўку вялікіх партыяў цяжкіх сынтэтычных наркотыкаў зь Нямеччыны ў Беларусь.

Як вынікае з паведамленьняў беларускіх спэцслужбаў, апошнім часам назіраецца павелічэньне наркатрафіку з Польшчы. Мяркуецца, што ў гэтай краіне працуе вялікая кольскасьць нелегальных лябараторыяў, якія вырабляюць самыя розныя наркатычныя рэчывы, у тым ліку амфэтамін і экстазі.

Тым часам, як паведамляе нямецкі друк, прадстаўнікі правахоўных структураў Нямеччыны і Нідэрляндаў маюць доказы, што сетка наркавытворчасьці, ахоплівае ня толькі Польшчу, заходнеэўрапейскія краіны, але таксама таксама і Беларусь, Расею, іншыя постсавецкія рэспублікі. Менавіта ў гэтым рэгіёне у свій час была разьвітая хіміка-фармакалягічная прамысловасьць і існавалі цэлыя лябараторыі вытворчасьці амфэтаміну. Гэты прэпарат ў якасьці танізуючых сродкаў рэкамэндаваўся кіроўцам, спартоўцам, воінам-аўганцам і быў у аптэчным продажы.

Раней нямецкімі памежнікамі быў затрыманы крымінальны груз, які ішоў зь Беларусі ў Галяндыю. Экспэрты ўстанавілі, што пад выглядам 240 літраў хімікаліяў быў задэкляраваны бэнзол-мэтыл-кетон альбо сыравіна амфэтаміну, вырабленая спэцыялістамі гэтак званай савецкай школы. Паводле экспэртаў, гэтай сыравіны дастаткова для вытворчасцьці вялікай колькасьці таблетаванага наркотыку экстазі, прыкладна на 600 тысячаў эўра.