Апытаньне “Свабоды”: як вы ставіцеся да прысуду Аляксандру Казуліну?

Радыё Свабода Былога кандыдата на прэзыдэнта Аляксандра Казуліна 13 ліпеня асудзілі на пяць з паловай гадоў зьняволеньня. Яго прызналі вінаватым у хуліганстве і арганізацыі вулічных беспарадкаў. Як студэнты й выкладчыкі Белдзяржунівэрсытэту ставяцца да прысуду былому рэктару БДУ?
(Карэспандэнтка: ) “Былы рэктар БДУ спадар Казулін атрымаў пяць з паловай гадоў пазбаўленьня волі. Як вы ацэньваеце такі прысуд?

(Абітурыент: ) “Ня ведаю, у мяне цяпер іншыя праблемы. Я ня думаю пра гэта”.

(Спадар: ) “Я думаю, несправядліва за палітычныя справы так асуджаць. Я шмат чытаў у газэтах пра суд, чытаў, што яго трымалі ў нечалавечых умовах. Я думаю, гэта няправільна”.

(Студэнтка: ) “Мы чулі, што была нейкая палітычная справа, але што ўжо асудзілі — пакуль ня чулі”.

(Карэспандэнтка: ) “Але пяць паловай гадоў зьняволеньня: як вы лічыце, гэта прысуд нармальны, жорсткі — ваша меркаваньне?”

(Студэнтка: ) “Мы не юрысты”.

(Студэнт: ) “Гэта нямала. Але мы ня хочам умешвацца ў палітыку”.

(Спадар: ) “Лічу, што жорстка зь ім абышліся. У нас як бы дэмакратычная дзяржава”.

(Студэнтка: ) “Ён вельмі шмат зрабіў для нашай адукацыі й для нас. Ён нічога не зрабіў дрэннага”.

(Выкладчык: ) “Дакладна сказаць не магу, бо ня ведаю, якія канкрэтна доказы выкарыстоўваліся, каб падвесьці Казуліна пад пэўны артыкул крымінальны. Усе ў нас усё добра ведаюць, але маўчаць. Таму камэнтары залішнія”.

(Студэнт: ) “Палітычныя рэпрэсіі адбываюцца”.

(Студэнт: ) “Маё меркаваньне — Казулін проста выскачка. Ну, не падабаецца ён мне, і ўсё!”

(Спадар: ) “Занадта сурова”.

(Выкладчык: ) “Ня трэба садзіць за палітычныя справы”.

(Юнак: ) “Наагул, гэта несправядліва. Я ня веру, што ён можа быць вінаватым”.

(Выкладчыца: ) “Я лічу, што ўсё гэта цалкам сфабрыкавана. Таму што пад дадзены артыкул яго дзеяньні не падыходзяць. І спрабавалі супярэчыць уласным законам у парушэньне свабоды дзеяньняў і слова”.

(Спадар: ) “Гэта несправядліва. Але Бог асудзіць за такія рашэньні, і адплаціцца ім таксама”.

(Выкладчык: ) “Я ня ведаю абставінаў справы, на судзе ня быў, таму камэнтаваць не магу”.

(Студэнт: ) “Гэта было жорстка”.

(Студэнтка: ) “Відавочна, што несправядлівы прысуд, таму што тое, што ён зрабіў, не адпавядае тэрміну, які яму далі. Яго проста пазбавілі магчымасьці далей нейкую дзейнасьць праводзіць”.

(Спадар: ) “Дзесяць сутак ці пятнадцаць можна было б даць, але яму прышылі палітычныя амбіцыі. Максымум — 15 сутак, а калі яму даў столькі Лукашэнка, то паказаў, што баіцца такіх людзей”.