Сям’я астравецкага актывіста Івана Крука ня ведае, дзе ён адбывае пакараньне

Міхал Карневіч, Горадня Сёньня ўжо дзясяты дзень, як астравецкі дэмакратычны актывіст Іван Крук адбывае пакараньне, але сям’я дагэтуль ня ведае, у якой папраўчай установе. Нагадаю, што 15 траўня яго асудзілі на 6 месяцаў арышту за гвалтоўныя дзеяньні супраць міліцыянтаў.
Жонка Івана Крука Вольга дзясяты дзень чакае, што зь міліцыі ёй дашлюць нейкі ліст, у якім паведамяць, дзе адбывае пакараньне ейны муж. У панядзелак 10 ліпеня Іван Крук зьявіўся ў Астравецкі райаддзел міліцыі, адкуль яго ў той жа дзень этапавалі ў Смаргонскі сьледчы ізалятар. Сын Аляксандар таксама чакае зьвестак ад бацькі.

(Аляксандар: ) “Не, нічога пакуль не чуваць”.

Адвакат Алена Халупка зьдзіўленая, што мінула дзесяць сутак, а сям’і Івана Крука дагэтуль не паведамілі, дзе ён. Яна думае, што хутчэй ён напіша ліст сам.

(Халупка: ) “Тут сытуацыя такая, што ліставаньне там не забароненае. Так што, магчыма, ён сам хутка дашле ліст”.

У пятніцу ў пракуратуру зноў выклікаюць сына Івана Крука Аляксандра. Нагадаю, што на яго паўторна завялі крымінальную справу і вінавацяць у крадзяжы грошай. Першы раз справа была закрытая пасьля таго, як Івана Крука асудзілі, але калі ён падаў апэляцыю ў абласны суд, супраць ягонага сына зноў пачалі крымінальную справу.

Нагадаю, што падчас прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі ў кватэры Івана Крука праводзілі ператрус у сувязі са справай сына. Нічога не знайшлі, але сканфіскавалі некалькі асобнікаў недзяржаўных бюлетэняў, а потым іх зацікавіў кампутар. Крук адмовіўся яго аддаваць, і калі міліцыянты вырывалі сыстэмны блёк з гаспадаровых рук, той кінуў кампутар на падлогу і разьбіў.

Гэтыя дзеяньні Івана Крука суд прызнаў гвалтам у дачыненьні да міліцыянтаў.

Напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў Іван Крук зьбіраў подпісы за Аляксандра Мілінкевіча й Аляксандра Казуліна. Вынесены яму прысуд ён лічыць палітычна матываваным.