Тэсты па-беларуску здавалі сёлета каля 6 % абітурыентаў

Радыё Свабода Сёлета здаваць тэсты на беларускай мове выказалі жаданьне крыху больш за 6 працэнтаў абітурыентаў – пра гэта сёньня на прэсавай канфэрэнцыі паведаміў старшыня дзяржаўнай камісіі для кантролю за ходам уступных іспытаў Анатоль Рубінаў.
Падчас цэнтралізаванага тэставаньня, якое прайшло ў краіне з 12 чэрвеня да 1 ліпеня, абітурыенты маглі здаваць тэсты на беларускай або расейскай мовах на выбар, акрамя выпрабаваньняў па гэтых прадметах. Усяго ж, паводле Рубінава, сёлета ў цэнтралізаваным тэставаньні ўзяла ўдзел 171 тысяча абітурыентаў. Удзельнічаць ва ўступнай кампаніі, паводле зьвестак Мінадукацыі, вырашылі каля 90 працэнтаў сёлетніх выпускнікоў.