У Магілёве ўвечары разгарнулі расьцяжку “Бацька, народ хоча есьці!”

Радыё Свабода, Магілёў А 21 гадзіне на Савецкай плошчы Магілёва невядомыя разгарнулі расьцяжку “Бацька, народ хоча есьці!”. Мінула больш за гадзіну – расьцяжка застаецца разгорнутая і забірае ўвагу мінакоў.
Тры дні таму, 14 ліпеня, расьцяжку з партрэтам Аляксандра Казуліна і тэкстам “Свабоду Казуліну! Хочам справядлівага суду!” бачылі магілёўцы на той самай Савецкай плошчы. Расьцяжку зьдзерлі работнікі камунальнай службы пры дапамозе міліцыянтаў.

Учора ў часе флэш-мобу міліцыянты затрымалі 9 чалавек, у тым ліку 10-гадовага хлопца. Сярод затрыманых былі лідэр гарадзкой арганізацыі ТБМ Алег Дзьякоў, актывістка АГП Ірына Качарова, грамадзкія актывісты Кацярына Ільіна, Хрысьціна Шацікава. Усе яны пасьля прафіляктычнай гутаркі позна ўвечары былі адпушчаныя.