"Калі ў краіне за краты садзяць прафэсараў, значыць, да ўлады дарваліся палітычныя невукі"

Радыё Свабода Водгукі слухачоў за суботу – панядзелак (15 – 17 ліпеня). Круглыя суткі вы можаце тэлефанаваць па менскім нумары 290-39-52 і пакідаць свае водгукі на нашым аўтаадказьніку, а таксама дасылаць СМС-паведамленьні па нумары 391-22-24.
(Ларыса, пэнсіянэрка зь Менску: ) "Слухаючы адказы нашых грамадзян на пытаньне, якое задаюць карэспандэнты “Свабоды” на вуліцах нашых гарадоў (адказы пераважна маладых людзей), мы чуем, што яны не цікавяцца палітыкай. А гэта значыць, што яны абыякава ставяцца і да эканомікі, і да адукацыі і навукі, яны абыякавыя да падзеяў, што адбываюцца ў нашай краіне, або запалоханыя. Грамадзтва падзеленае на дзьве часткі: тыя, хто хоча выказаць свае думкі, і тыя, хто па сутнасьці нічога ня можа адказаць. Я зьдзівілася, калі Абрамава адказала, што спачувае Казуліну – і ўсё. І гэта ўвесь яе адказ. Пакуль апазыцыя будзе ў "загоне”, да таго часу і будзем чуць такія адказы. А Казулін не вінаваты. Калі ён хуліган, дык ён за гэта ўжо адседзеў. Адзін слухач, які ўвесь час ганьбіць апазыцыю, і той сказаў, што прысуд вельмі суровы.

“Прафэсар Казулін – хуліган” – гэта гучыць. Бо мы часта сваіх дзяцей за нейкі ўчынак ласкава называлі: “Ну ты і хуліган!”, – бо ён зрабіў такое, што другому і ў галаву ня прыйдзе. Вось і Казулін зрабіў і выказаў такое, што ў другога ёсьць у галаве, але выказаць няма рашучасьці. Чаму Аляксандар Рыгоравіч ня выступіў у адказ і не сказаў, што гэта ня так? Не было гэтага. Калі праўда, то за праўду ня судзяць. Таму трэба вызваліць Казуліна. Такі прыгожы, сьветлы чалавек павінен быць на свабодзе і свае веды перадаваць нашай моладзі, бо ёй гэта неабходна. Некаторая частка нашай моладзі ідзе ня ў тым напрамку: курыць, п’е, брыдкасловіць, як юнакі, так і дзяўчаты, а нашыя кіраўнікі і праваахоўчыя органы гэтага не заўважаюць альбо робяць выгляд, што гэтага няма".

(Спадар: ) "Паважаная “Свабода”. Рэжым Лукашэнкі праглынуў у свае катавальні яшчэ адну ахвяру – Аляксандра Казуліна. У мяне няма словаў, каб выразіць абурэньне гэтай ганьбай. Паніка і страх нашага... страціць уладу прымае формы гістэрыкі і псыхапатыі. Ганьба нікчэмным рабам, што зрабілі зь сінявокай Беларусі сталінскую дзяржаву! Як можна расцэньваць гэты прысуд? Як цынічную і подлую помсту свабоднаму чалавеку. Я адназначна ўпэўнены, што ніякія санкцыі ня будуць спрыяць усталяваньню дэмакратыі ў нашай краіне".

(Спадар: ) "На маё меркаваньне, Казуліна арыштавалі і засудзілі несправядліва і вельмі сурова".

(Яцкевіч Аляксандр Анатолевіч зь Віцебску: ) "Добры дзень, паважаная радыёстанцыя “Свабода”. Вось скончыўся “Славянскі базар”. Але, ведаеце, у мяне такое ўражаньне, нібы нейкія іншаплянэтнікі вясёлыя, зусім зь іншага жыцьця людзі, прыляцелі да нас, а нам, культработнікам з добрым стажам, з досьведам, нават нельга зь імі пагаварыць, нельга падысьці, быццам мы п’яныя ці яшчэ нейкія там, ці ў нейкім непрытомным стане. Я ня ведаю, колькі ўжо гадоў існуе нейкая дзяржава шчасьлівых і дзяржава няшчасных людзей, нібы праклятых. І колькі будзе існаваць, таксама ня ведаю..."

(Спадар: ) "Наконт Казуліна. Балбатнёй гэтай вы нічога ня зробіце! Пустая балбатня! Трэба іншыя меры прымаць!"

(Спадарыня: ) "Прывітаньне, шаноўная “Свабода”. Я хачу выказацца пра Казуліна. Я веру, як і іншыя людзі, што ён не вінаваты. Тое, што ён разьбіў партрэт Лукашэнкі, гэта добра зрабіў. Няхай яны ня вешаюць Лукашэнкавых партрэтаў. Ня такі ён вялікі, каб яго вешаць. У нас павінны быць у кабінэтах абразы Пана Езуса, Маткі Боскай. Ісьці трэба з Богам, а не з Лукашэнкам. Казулін не вінаваты. Мы просім нашыя ўлады вызваліць Казуліна. Дзякую за ўвагу".

(Спадарыня: ) "Мае сябры з Украіны цікавяцца судом над Казуліным. Ці праўда, што яму далі пяць год зьняволеньня?"

(Васіль Цюхай: ) "Добры дзень. Я заўважыў, што апошнія “Сымбалі веры” паўтараюцца. Гэта азначае, што ў вас скончыліся тэмы? Можа, час выказацца за сапраўдную тэму і выступіць супраць дагмату сьвятой Тройцы? Колькі можна баяцца? Я прапаную зрабіць так. Спачатку вы запросіце сьвятара, які выкажа свае аргумэнты ў выглядзе маналёгу, і вы іх запішаце. Потым я выкажу свае аргумэнты, і вы іх запішаце. Тады ён паслухае мой маналёг, а я ягоны, і мы паспрачаемся, вы гэта запішаце. І ў такой самай пасьлядоўнасьці ўсё гэта прагучыць у эфіры: маналёг царквы, мой маналёг і нашая спрэчка. Мяне можна прадставіць як шараговага хрысьціяніна, які сьвядома стаў атэістам, які зразумеў, што ў царкве квітнеюць ерась і нянавісьць.

У мінулым годзе я даслаў некалькі лістоў на “Свабоду”. Сярод іх быў і ліст на тэму Тройцы. Я прасіў Валянціна Жданка захоўваць усе мае допісы. Аўтар “Сымбаляў веры” можа загадзя азнаёміцца з маімі высновамі, бо я скажу ўсё тое самае і ў тым самым стылі. Адзінае, што я дадам, гэта тое, што ў Хрыста ёсьць нашчадкі. І яшчэ, калі праграма будзе рыхтавацца, я прасіў бы прачытаць мне па тэлефоне той мой ліст, таму што я не памятаю ўсіх сваіх аргумэнтаў. Усё ж такі час прайшоў. Таксама можна запрасіць на перадачу верніка-мусульманіна. Мусульмане ня вераць у Тройцу".

(Спадарыня зь Менску: ) "Чула, што Казуліну далі пяць з паловай год, сядзіць за кратамі. У мяне аж валасы дыбам сталі. Што ён, забіў каго?! Ці гэта жарт які?! Не магу паверыць у такі цуд! Напэўна, гэта канец сьвету набліжаецца!"

(Анатоль зь Берасьцейшчыны: ) "Пра зьняволеньне Казуліна магу сказаць так: калі ў краіне за краты садзяць прафэсараў, значыць, да ўлады дарваліся палітычныя невукі, неадукаваныя хамы, якія імкнуцца чыста крамольнымі мэтадамі паставіць краіну пад поўны свой кантроль, усталяваўшы парадкі, больш характэрныя для зоны. Дзякуй за ўвагу".

(Спадарыня: ) "Слухала “Званкі на "Свабоду”, зьвярнула ўвагу на фразу: “Адзіны спакойны куток ува ўсім сьвеце”. Сьляпы і глухі чалавек можа сьцьвярджаць такое. Пачнём зь перадвыбарчай кампаніі: хапалі, садзілі ў вязьніцы ўсіх актывістаў, супернікаў Лукашэнкі. Выбары былі фальшывыя. Моладзь мерзла ў намётах на плошчы Каліноўскага, галадала тры тыдні за вызваленьне арыштаваных хлопцаў з "Маладога фронту". 25 сакавіка ў Дзень Волі былі зьбітыя дэманстранты – і зноў арышты, пікеты каля расейскай амбасады. Усё гэта адбываецца ня дзе-небудзь, а ў Рэспубліцы Беларусь. Той, хто называе Беларусь спакойным кутком, ня ведае зусім, што такое спакой. Наконт Аляксандра Казуліна. Аляксандар Казулін пакутаваў за свае прамыя, сумленныя меркаваньні, не сюсюкаўся, не шукаў мякчэйшых словаў, а назваў рэчы сваімі імёнамі. Практычна за гэта Лукашэнка з пракурорам яму прызначылі тэрмін зьняволеньня. За пабіты партрэт праз тое, што Аляксандар Казулін быў у стане афэкту, ён не павінен несьці ніякага пакараньня. Як чалавек з дэмакратычнымі поглядамі ён ня мог доўга чакаць, яму хацелася зрабіць нешта істотнае, у гэтым выпадку падтрымаць зьняволеных. Ну, і ў запале няўдала пажартаваў наконт Бастыліі, за што й зачапіўся Лукашэнка. Пракурор выдаў санкцыю, і Аляксандар Казулін быў арыштаваны. Усё астатняе, як у тэатры. Усё было сфабрыкавана: віна, абвінавачаньне, тэрмін. Так што, трымайцеся, Аляксандар, будзьце здаровыя!"

(Спадарыня з Баранавічаў: ) "У нядзелю была акцыя салідарнасьці з палітвязьнямі, і было затрымана 9 маладых людзей у цэнтры гораду на плошчы Леніна ў Баранавічах. І гэтых маладых людзей завезьлі ў міліцыю і трымаюць ужо болей за тры гадзіны, здымаюць адбіткі пальцаў і фатаграфуюць на відэа… Карацей кажучы, невядома, калі іх адпусьцяць. Гэта проста фашызм".

(Спадар: ) "Вось праслухаў раніцай камэнтар вашых работнікаў наконт саміту ў Пецярбурзе. І, як заўсёды, валасы становяцца дыбам. Ну і людзі дурныя, якія зусім нічога не разумеюць. Не займалі б час вашага эфіру. “Будзе пытаньне – ня будзе пытаньня” – вось і ўсё, што іх цікавіць. Ніякіх там ня будзе размоваў, бо няма пытаньняў. “Буш жорстка выказаўся пра дэмакратыю”. Што жорстка ён выказаў? Усіх паставілі на месцы. Сутнасьць усёй Эўропы: залезьці ў справы Расеі, падзяліць газаправод, даць ім таксама там камандаваць. І так далей. А вы нават паняцьця пра гэта ня маеце. А Расея кажа, што не дазволіць гэтага. Гэта наша багацьце. Вось яны, як сабакі з-пад варотаў, сабраліся, пагыркалі, пагыркалі – і ўсё. Якія пытаньні яны там вырашаюць? Ніякіх. Вось дэмакратыя дзе: Ізраіль пад кіраўніцтвам звышдэмакратычнай дзяржавы забівае людзей і дзяцей. Вось пра што размаўляць трэба, а то яны толькі пакакетнічалі. За аднаго салдата там усё разьвернуць і пазабіваюць усіх".

(Спадарыня: ) "Пры праўленьні Лукашэнкі існуюць розныя спосабы прыдушэньня чалавека. А пракуратура і суды лукашыстам дапамагаюць. Чалавек нідзе ў Беларусі ня знойдзе праўды. Тэлевізара не ўключай, бо там убачыш Лукашэнку... Ён расказвае, як ён нас добра корміць. Надакучыла. Адзін толькі раз мы пачулі праўду з экрана, калі гаварыў Казулін Аляксандар Уладзіслававіч і Мілінкевіч Аляксандар Уладзімеравіч. І ўсё. Дэмакратыя закончылася. Прышылі Казуліну, што ня там стаў з народам. Вызваліць Казуліна і ўсіх вязьняў. Народ так хоча і патрабуе. Вялікая просьба да Мілінкевіча ня кідаць народ у бядзе. Дапамажыце нам, як можаце. Нізка кланяемся вам усім. Усяго вам найлепшага, нашае любае Радыё Свабода".

(Спадарыня: ) "Добры дзень, Радыё Свабода! Хутка восень, хутка школьны пэрыяд, а мае дзеці нават нідзе не адпачылі, акрамя калгасу. Тут ляжаць аварыйныя збудаваньні, дык я папрасіла ў Калановіча, каб далі мне нейкіх дошак ці шыфэру ці зьбілі які хлявок для дзяцей, так мне адмовілі. Зьвярталася ў райвыканкам, паўсюль, прасіла дапамогі, бо я ўсё-ткі прыехала з гораду ў калгас. Трэба ж карову ці парасятак купіць. Але мне адмоўлена. Нават мае дзеці ня могуць у дзіцячы лягер паехаць адпачыць – правялі ўвесь час дома. Як такое можа быць, бо па законе ўсё ж павінна быць для дзяцей! Тут ніхто дзяцей не паважае, наадварот, імкнуцца іх увесь час прынізіць, абразіць, абыходзіцца зь імі па-дзікаму. Як жа так можна?! Аляксандар Рыгоравіч, Вы ж увесь час выступаеце за дзяцей, але гэта няпраўда! Усё ідзе супраць дзяцей! Калгасы аварыйныя! Я сяджу зь дзецьмі, мне няма дзе працаваць! Мы жывем толькі на маю мізэрную пэнсію, якую я атрымліваю за трэцюю групу інваліднасьці! Як так можна жыць?! Як можна апрануць ды абуць дзіця перад школай?!"

(Спадар: ) "Я наконт Казуліна. Перастаньце нагадваць, што ён былы кандыдат у прэзыдэнты, ён грамадзянін Беларусі. Яго судзяць за парушэньні, якія ён учыніў. Ён панабіраў моладзі і ішоў прыступам некага вызваляць, ён павінен ведаць, што пакараньне будзе справядлівым, і пяць з паловай год яму далі на асэнсаваньне сваіх паводзінаў. А тое, што там выступае наш спадар Лябедзька недзе, няхай ён лепш прыносіць карысьць у Беларусі. Ня трэба падключаць ні Амэрыку, нікога.

І вось вы яшчэ казалі, што ўлада павінна пайсьці на дыялёг з Казуліным. А чаму не Казулін з уладай? Я не кажу, што я прыхільнік Лукашэнкі, але вы несправядліва кажаце. Вось пяць год яму далі правільна, на асэнсаваньне. Але яшчэ адно. У мяне просьба, каб Мілінкевіч ці Лябедзька прачыталі праграму на “Свабодзе”, што было б, калі б яны прыйшлі да ўлады, адкуль бы пасыпалася манна на нашу Беларусь, як бы працавалі прадпрыемствы, сельскагаспадарчыя прадпрыемствы, адкуль бы ішлі грошы на ўсе гэтыя структуры сацыяльнага забесьпячэньня: школы, дашкольныя ўстановы, інтэрнаты ды іншае..."

(Віктар зь Менску: ) "Пра Казуліна. Перастаньце, да зьмены ўлады Казулін нічога ня зможа дабіцца. У Беларусі яшчэ ніводнага судзьдзю ці работніка міліцыі або пракуратуры не судзілі за злоўжываньне службовым становішчам. Хаця, я лічу, што там людзей, якія паважаюць сябе, вельмі мала, адсоткаў пяць. Гэта зьвязана з працай, бо, увесь час працуючы з нэгатывам, яны апускаюцца да ўзроўню жывёлін яшчэ больш, чым сам нэгатыў, гэта значыць злачынцы. А гэтыя, у асноўным злачынцы пры ўладзе, абараняюць адзін аднаго. Груган гругану вока ня выдзеўбе. У гэтым вы зможаце пераканацца самі. Рэальна глядзіце на ўсё. Дзякуй".

(Спадарыня: ) "Наконт прысуду Казуліну. Гэта нахабны і жорсткі прысуд, правакацыя, якая была сплянаваная чалавечай нечысьцю, служкамі рэжыму. Эх вы, маральныя вырадкі, ці засталося ў вас што чалавечае? Бо вы забыліся, што прыйдзе час, калі трэба будзе адказаць за зьдзек над чалавекам праўды. Абураюць і іншыя маральныя вырадкі, якія тэлефануюць на “Свабоду” і называюць гэты прысуд “справядлівым”.

(Спадар: ) "Чамусьці я цьвёрда ўпэўнены, што ў кіраўніцтва нашай рэспублікі, у тым ліку ў судовых органаў, хопіць розуму, каб у гарадзкім ці ў Вярхоўным судзе намнога зьмякчыць прысуд Казуліну ці замяніць яго на ўмоўны. Абавязкова трэба пакараць, але ўмоўна, штрафам і гэтак далей. Бо ўсё, паказалі сваю моц, уладу… Дзякуй, малайцы. А цяпер трэба, каб розум перамог такія няправільныя дзеяньні. Так, пакараць трэба. Але ня так жорстка. Паказалі і хопіць. Праўда, вось я гляджу, што людзі не зусім правільна сябе паводзяць. Напрыклад, акадэмік Вайтовіч. Я яго паважаю, ён малайчына, я б за яго галасаваў, але ён увесь час імкнецца абражаць іншых. Навошта? Прыводзьце факты, прыклады. Нешта паказалася яму, ён адказваў, што начальнік аддзелу кадраў у яго спытаў, як ён афармляўся… Усё нейкія плёткі разводзіць… Ну, несур’ёзна гэта. Сорамна паводзяць сябе гэтыя апазыцыянэры нават на самым высокім узроўні, у тым ліку й Казулін. Нейкія плёткі там распускаў… Гэта ж не па-мужчынску. Ніяк гэтага зразумець ня могуць..."

(Анастас Семяновіч: ) "Шаноўныя гаспадары і гаспадыні Радыё Свабода! На пытаньне тыдня што можна сказаць? Не Аляксандар Казулін злачынец, а ў першую чаргу ўлада. Сёньня, перш чым выйсьці з дому, трэба вельмі добра падумаць, каб цябе не схапілі амапаўцы, паколькі ты ім не спадабаўся, а артыкул заўсёды знойдзецца, каб адправіць за краты. Я лічу, што памочнікі і галоўныя кіраўнікі Беларусі зрабілі вялікую памылку. Гэтым самым яны яшчэ больш ізалююць Беларусь ад усяго сьвету. Праўда, пра Беларусь яны ня думаюць, яны думаюць толькі пра сябе. Але я ўпэўнены, канец набліжаецца. Куды вы будзеце ўцякаць? Напэўна, у расейскі манастыр ці на Кубу. Але героі Беларусі знойдуць вас і там. Дзякуй".

(Спадар: ) "Я вельмі хачу перадаць цікавую інфармацыю, што павінна прагучаць і знайсьці свой водгук у многіх людзей. Калі вы памятаеце, пры савецкай уладзе цяжка было чаго-небудзь дабіцца ў райвыканкаме, гарвыканкаме. І трэба ж такому здарыцца! Я 7 ліпеня зьвярнуўся па “гарачай лініі” ў адміністрацыю Савецкага раёну наконт нейкіх там парушэньняў, ня важна якіх. 11 ліпеня я атрымаў ліст за подпісам першага намесьніка кіраўніка адміністрацыі Шклярыка. У выдатным парадку правялі мерапрыемства для ліквідаваньні тых недахопаў, пра якія я казаў. Яны былі адносна сур’ёзнымі. Усё было зроблена за нейкія там чатыры дні, і далі адказ! Ці гэта ні пра што не кажа? Малайцы, я радуюся. Гэта сапраўды парадак. Гэта сапраўды барацьба за тое, каб людзям было камфортна жыць. Ці ня гэта дэмакратыя?!"

(Спадарыня: ) "Дзень добры, шаноўная “Свабода”! Я хацела б сказаць, што мне вельмі падабаюцца вашыя перадачы. Выбачайце, што так я выскачыла, пасьпяшалася. Я паважаю вас, шаную вас, люблю вас слухаць. Дзякую за ўвагу".

(Ігнатоўскі: ) "Ну вось, разгортваю тлумачальны слоўнік на слове садызм, чытаю: “Заўзятая цяга да жорсткасьці, катаваньняў, задавальненьня ад чужых пакут”. Вось таму ганьба тым, хто мае дачыненьне да судзілішча над Казуліным. Прапаную зрабіць перадачу “Час у сям’і садыста”. Спачуваньне маё сардэчнае Ірыне Іванаўне, пакутніку за Беларусь Аляксандру Казуліну. Жыве Беларусь вольная, дэмакратычная!"

(Спадарыня зь Магілёва: ) "Дэпутат Абрамава сваімі адказамі што да прысуду Казуліну публічна даказала, што як яна асабіста, так і ўсе іншыя дэпутаты сваёй галавой ня думаюць. Калі яна ня здатная імгненна адказаць на простае пытаньне, быць дэпутатам яна ня мае права. Значыць, яна дэпутат не ад народу, а ад Лукашэнкі. Ганьба такім дэпутатам! Я просты чалавек, пэнсіянэр, амаль што 70 гадоў, сьмела кажу, што Аляксандру Казуліну пракурор, судзьдзя, сьледчы ад самага пачатку да канца прыдумалі вэрсію яго віны і на судовым працэсе быў разыграны паказальны спэктакль, каб гэта быў прыклад іншым. Але я ўпэўненая, што справа Аляксандра Казуліна ў блізкім часе будзе перагледжаная. І калі прысуд пацьвердзіцца, то толькі Старсбурскі суд можа вынесьці справядлівае рашэньне. Настане час, калі Лукашэнку і яго рэжыму будзе выстаўлены рахунак, і ён за ўсё адкажа па поўнай праграме.

Вельмі цяжка на душы пасьля вынікаў суду над Казуліным. Прагнучы зьмяніць жыцьцё беларускага народу, ён кінуў выклік монстру, што знаходзіцца ва ўладзе. А калі Аляксандар Казулін трапіў ў лапы монстра, беларускі народ не захацеў даць яму дапамогі. Сталіца краіны Менск зь двума мільёнамі жыхароў аказалася наўпрост “ціхаю затокай”. У жыхароў такіх вадасховішчаў толькі адно жаданьне: паесьці і паспаць. І няма ім клопату да таго, што робіцца навокал іх затокі. Вось у што ператварыў Лукашэнка сталіцу і яе жыхароў. Толькі маленькая жменя маладых людзей і палітыкаў імкнулася зрабіць тое, што было магчыма: неяк падтрымаць, дапамагчы Аляксандру Казуліну, але, мякка кажучы, падтрымка аказалася вельмі слабай. Таму ні Лукашэнку, ні пракурору, ні судзьдзю шмат сілаў не спатрэбілася, каб разабрацца з Казуліным, паказаўшы пры гэтым сваю дэспатычную сутнасьць. Беларускі народ, кажуць, цярплівы, сьмелы, але я магу яшчэ дадаць, што ён абыякавы да чужога гора”.

(Спадарыня: ) “Па сваёй мэнтальнасьці так званы сярэднестатыстычны беларус ня тое што перамен, нават яркага адзеньня на сабе баіцца. Хацелася б пачуць адказ спадара Хрола на пытаньне, ці варта нам баяцца НАТО”.

(Спадарыня: ) “Кантакт праз ваша радыё з такім сьветлым чалавекам, як Ірына Казуліна, гарманізуе унутранае “я” чалавека, слухача, таму што Ірына – гэта анёл з крыштальным голасам.

Судзілішча, учыненае на заказ галоўнага тырана-ката краіны, паказала, што незалежнага суду няма ў краіне, няма правасудзьдзя. Суд накіраваны на зьнішчэньне чалавека як асобы і ператварыў чалавека ў раба, што нават рот не абважваецца адкрыць на гаспадара. Поўнае бяспраўе...”

(Уладзімер з Бабруйску: ) “Прывітаньне, “Свабода”! Вось пачуў па вашым радыё радасны голас аднаго лукашыста, што Беларусь – гэта адзіны ідэал і ўзор дэмакратыі ў тым сэнсе, што тут цішыня, спакой і парадак. Ён ня мае рацыі. Такіх месцаў на ўсёй плянэце вельмі і вельмі шмат, у вёсках і гарадах, і называюцца такія месцы могілкамі. Там сапраўды усе перабывальнікі наглуха забітыя цьвікамі ў спэцыяльныя драўляныя скрыні і яшчэ закапаныя ў зямлю на глыбіню двух мэтраў. Там насамрэч цішыня, пакой і парадак. Толькі мы, беларусы, для лукашыстаў –пакуль жывы эўрапейскі народ, і ў Лукашэнкі проста рукі кароткія зрабіць з нас усіх такі вось ідэал дэмакратыі. Калі мы разам, нас не перамагчы! А сам ён у хуткім часе будзе хавацца па кутках, як Караджыч або Младзіч, а то, дасьць Бог, і прапішацца ў Гаазе. Няма куды яму дзецца, ён нават і Пуціну зусім не патрэбны. Жыве Беларусь!”

(Спадар зь вёскі Мазуршчына Салігорскага раёну: ) “Дарагое Радыё Свабода! Хачу выказацца. Колькі можна трываць гэтага тырана Лукашэнку?! Па вуліцы нельга прайсьці! У горадзе Салігорску мая жонка ішла зь дзіцем. Міліцыянты напалі на яе і пачалі да яе чапляцца. Кажуць ёй, што яна нібыта лаялася матам, а дачку дзевяцігадовую міліцыянт піхнуў. Пагаварылі яны пра нешта, а потым прыйшла позва ў суд. А тыя далі штрафу дзесяць тысяч... А мне сказалі, каб я вёз, а то і мяне забяруць! Судзьдзя такі Бураўцоў. Патэлефануйце ім, прашу вас! Іх нумар: 60273, гэта суд гораду Салігорску. Колькі можна даваць права міліцыі зьбіваць людзей з малымі дзецьмі на вуліцах?!”

(Аляксандар Уладзімеравіч зь Пінску: ) “Добры дзень, дарагая “Свабода”! Я вельмі абураны судзілішчам над Аляксандрам Уладзіслававічам Казуліным. Мы выказваем яму сваю падтрымку”.