У Ляўках праходзіць “Сьвята вольнай беларускай паэзіі”

Радыё Свабода, Віцебская вобласьць У Аршанскім раёне, непадалёк ад Музэю Янкі Купалы, аматары беларускага паэтычнага слова сабраліся ўжо другі год запар. Яшчэ летась яны выбралі пляцоўку на беразе Дняпра, дзе можна паставіць намёты й распаліць вогнішча, каб мець магчымасьць чытаць вершы ўсю ноч навылёт, як і было ў мінулым годзе.
Гаворыць Зьміцер Дзядзенка, які прыяжджае сюды ўжо другі год запар.

(Дзядзенка:) “У мінулым годзе ўдзел у першым сьвяце ўзялі паэты Андрэй Хадановіч, Ірына Дарафяйчук, сьпяваў бард Георгі Станкевіч. Усю ноч каля вогнішча чыталі вершы, сьпявалі песьні. І сёньня тут, на беразе Дняпра ўжо пачалі зьбірацца людзі – прыехалі з Воршы, Віцебску, Менску.”

Аўтары ідэі правядзеньня паэтычнага сьвята пажадалі застацца невядомымі: яны лічаць, што гэта імпрэза мае стацца “народнай” – каб без усялякіх афіцыйных запрашэньняў у першыя выходныя пасьля Купальля ў Ляўкі зьбіраліся ўсе, хто любіць беларускія вершы.

Свае ці чужыя вершы будуць чытаць госьці – ня мае значэньня. Але ў мінулым годзе, калі Сьвята вольнай паэзіі праходзіла ўпершыню, нарадзілася такая традыцыя: больш вядомыя ды вопытныя паэты, якія ўжо маюць свае кніжкі, могуць падараваць іх маладым ды пакуль невядомым калегам, творы якіх найбольш упадабаюць.