Міліцыя затрымала каля 10 удзельнікаў акцыі ў Менску

Радыё Свабода, Менск Сёньня, у шостую гадавіну з дня зьнікненьня Зьмітра Завадзкага, актывісты апазыцыйных партыяў і моладзевых рухаў сабраліся на Кастрычніцкай плошчы ў Менску на акцыю “Салідарнасьць у імя Свабоды”. Міліцыя і спэцназ перашкодзілі правядзеньню акцыі, выціснуўшы з плошчы яе ўдзельнікаў.
А 20.05 з Кастрычніцкай плошчы перадавала нашая карэспандэнтка Любоў Лунёва:

(Лунёва: ) “Каля дзясятка чалавек былі затрыманыя. Ачэпленых удзельнікаў акцыі спэцназ давёў з Кастрычніцкай плошчы да плошчы Перамогі. Тым часам з Кастрычніцкай плошчы былі выціснутыя й паплечнікі Аляксандра Казуліна, які крыху пазьней падышлі тудыдля ўдзелу ў акцыі. Ірыне Казулінай спэцназаўцы забаранілі ісьці дадому ў майцы з партрэтам яе мужа, але яна адмовілася здымаць майку, сказаўшы пры гэтым, што не баіцца затрыманьня.

На гэты момант Анатоль Лябедзька і яшчэ некалькі чалавек, у асноўным гэта сябры Аб''яднанай грамадзянскай партыі, а таксама прадстаўнікі моладзі, якая ўдзельнічала ў сакавіцкіх пратэстах, ізноў прыйшлі на Кастрычніцкую плошчу, каб завяршыць акцыю салідарнасьці. Яны сталі каля Палацу прафсаюзаў. Цяпер тут больш за 30 удзельнікаў акцыі, байцы спэцназу назіраюць за імі.

Побач са мною стаіць Анатоль Лябедзька. Ён паведаміў, што ў любым выпадку акцыя будзе працягвацца.

(Лябедзька: ) “Калі параўноўваць з тым, што было год назад, то, як кажуць, прагрэс навідавоку, таму што год назад білі па твары жанчын, і мы памятаем, што здарылася зь Сьвятланай Завадзкай. На гэты раз мы змусілі амапаўцаў і спэцназаўцаў паводзіць сябе карэктна. Яны вадзілі па горадзе некалькі групаў, але мы вярнуліся сюды, на плошчу. Спэцназаўцы побач з намі, але паважаюць тых людзей, якія выходзілі і выходзяць на плошчу і памятаюць, што свабода прыходзіць праз салідарнасьць”.

(Лунёва: ) “Раней міліцыя спрабавала затрымаць Анатоля Лябедзьку, але ён спусьціўся ў падземны пераход на плошчы Перамогі і пазбыўся перасьледу. Яму ўдалося вярнуцца на Кастрычніцкую плошчу з паплечнікамі. Яны сказалі, што яшчэ некалькі хвілінаў тут пабудуць і затым разыдуцца”.

Акцыі памяці Зьмітра Завадзкага адбыліся сёньня таксама ў Горадні і Берасьці.