Чаму спажыўцы аддаюць перавагу тэлефонным размовам праз інтэрнэт?

Радыё Свабода Амэрыканскія эканамісты зафіксавалі значны рост канкурэнцыі на тэлефонным рынку паміж кампаніямі, якія прадстаўляюць паслугі сувязі праз звычайныя наземныя лініі і праз інтэрнэт. Спажыўцы маюць свае выгоды ад гэтай канкурэнцыі, перш за ўсё ў зьмяншэньні тарыфаў за тэлефанаваньні. Мой калега Валер Каліноўскі дасьледаваў выгоды і пэрспэктывы інтэрнэт-тэлефаніі.
(Каліноўскі: ) “Кампутар, злучаны з інтэрнэтам, можа даволі лёгка замяніць тэлефонны апарат, адпаведныя праграмы даўно распрацаваныя, аднак цяпер настаў момант, калі інтэрнэт-тэлефанія пачала знаходзіць шырокі масавы ўжытак. У Амэрыцы, напрвыклад, як піша “New York Times”, назіраецца пачатак сапраўднага буму гэтага віду сувязі. Толькі летась у ЗША колькасьць карыстальнікаў кампаніяў, якія забясьпечваюць тэлефонную сувязь праз інтэрнэт патроілася і дасягнула 5,5 мільёна чалавек, што на сёньня складае 3 адсоткі ад агульнага рынку тэлефаніі. Паводле прагнозаў дасьледчыцкай фірмы “TeleGeography” да 2010 года інтэрнэт-тэлефанія захопіць чацьвёртую частку традыцыйнага рынку тэлефоннай сувязі ў ЗША. Галоўная прыцягальнасьць гэтага віду паслуг для карыстальнікаў – надзвычай нізкія тарыфы. Кампаніі бяруць ўсяго па некалькі цэнтаў за хвіліну размовы з кампутара на звычайны тэлефон, а званкі паміж кампутарамі яшчэ таньнейшыя. Фірма “SunRocket”, напрыклад, за неабмежаваную тэлефонную сувязь бярэ ўсяго 16,5 даляра на месяц. Пры гэтым няма значэньня, у якую краіну тэлефануе абанэнт і колькі часу ён размаўляе. Неабмежаваныя магчымасьці карыстацца тэлефоннай сувязьзю могуць нават істотна мяняць звычкі людзей, некаторыя студэнты цяпер бяруць урокі замежнай мовы праз тэлефон, а бацькі, якія пакідаюць дзяцей з нянькамі, часам усталёўваюць праз інтэрнэт-тэлефон наўпростую гукавую сувязь з дзіцячым пакоем, каб заўсёды мець магчымасьць сачыць за сваімі немаўлятамі”.

(Вядоўца: ) Як рэагуюць кампаніі, якія прадстаўляюць звычайную тэлефонную сувязь, на імклівы рост інтэрнэт-тэлефаніі?

(Каліноўскі: ) “Зразумела, што яны вымушаныя прыстасоўвацца да канкурэнцыі, перш за ўсё памяншаючы свае тарыфы, каб захаваць кліентаў. У Нью-Ёрку, напрыклад, некаторыя тэлефонныя кампаніі нядаўна паменшылі свае тарыфы на 40 адсоткаў. Акрамя таго традыцыйныя тэлефонныя кампаніі прапаноўваюць пакеты новых відаў паслуг, мігруюць у іншы бізнэс -- стварэньне кабэльных сетак і тэлебачаньне, напрыклад, і нават самі ствараюць інтэрнэт-тэлефанію, праўда не вельмі яе рэклямуючы, бо разумеюць, што гэтым самым сякуць сук, на якім сядзяць. Тым не меней кожны тыдзень у Амэрыцы колькасьць звычайных тэлефонных ліній зьмяншаецца на 150 тысяч, а колькасьць падпісаных кантрактаў на прадстаўленьне паслуг інтэрнэт-тэлефаніі за гэты ж пэрыяд складае 100 тысяч”.

(Вядоўца: ) А як разьвіваецца інтэрнэт-тэлефанія ў Беларусі?

(Каліноўскі: ) “У Беларусі гэты від тэлефоннай сувязі яшчэ не набыў шырокага ўжытку, перш за ўсё таму што ў Беларусі манапольным інтэрнэт-правайдэрам з’яўляецца дзяржаўная кампанія “Белтэлеком”, якая перш за ўсё прадстаўляе тэлефонныя паслугі, і не надта зацікаўленая ў інтэрнэт-тэлефаніі, і таму што хуткасны інтэрнэт, патрэбны для тэлефанаваньняў, у Беларусі яшчэ мала каму даступны. У Расеі і Украіне інтэрнэт-тэлефанія разьвіваецца нашмат больш хуткімі тэмпамі.”