"Начная аБЛОГа" – 3 ліпеня

Дзьмітры Падбярэскі, Менск Агляд беларускага інтэрнэту
Прывітаньне! Ні выходныя дні, ні сьвяты ня здольныя спыніць жыцьцё беларускага Сеціва.

На папулярным сайце інтэрнэт-дзёньнікаў Жывы Журналнехта Ліпскі піша: “Паглядзеў трансьляцыю параду. Гэта, як кажа адзін мой знаёмы, — апофэоз эпіфізу. Мерапрыемства па сваёй відовішчнасьці, патаснасьці і паказусе не саступае аналягічным савецкага пэрыяду. Тыя ж фізкультурнікі, камсамольцы, вэтэраны і вайскоўцы. У небе — самалёты пускаюць дым, які аддалена нагадвае колеры дзяржаўнага сьцягу. І як заўсёды — дзеткі, якія дараць кветкі Правадыру. Але потым, калі на парадзе зьявіліся пары маладых, шматдзетныя мамы, дзеці са штучнымі каляскамі і пачаліся бальныя танцы пад іспанскія матывы, усё гэта пачало нагадваць нейкі дзіўны гратэскавы карнавал”.

У ЖЖ карыстальнік nutranyburatina дзеліцца ўражаньнямі ад Фэсту сярэднявечнай культуры ў Наваградку (мерапрыемства праходзіла ў мінулыя выходныя): “Абяцалі старажытную кухню, якая уяўляла сабою шашлыкі, беляшы, чабурэкі, кока-колу, салодкую вату й піва "Крыніца" – сапраўдная ежа для сапраўдных рыцараў. Яшчэ была файная музыка, хаця давялося пачуць толькі "Дроллс" (Расея), якія прыкідваліся вулічнымі музыкамі й зараблялі грошы на адваротны шлях. Іхным досьведам спрабаваў скарыстацца нейкі беларускі бэнд, зладзіўшы яшчэ й танцы, але іх прагнала міліцыя.”

А на сайце kazka.at.tut.by я вычытаў такую вось загадку: “Сядзіць бабка на прымурачку ў чырвоным каптурчыку. Хто йдзе — той паклоніцца”.

На сайце moda.by карыстальнік monkberry дзівіцца: “Такое адчуваньне, што мазгамі, выбіраючы назвы, наогул не працуюць. Апошняе і найбольш яркае ўражаньне — вясельны салён "Мэдэя". На ўсялікі выпадак нагадаю: муж Мэдэі Ясан вырашыў ажаніцца зь іншай цёценькай, за што Мэдэя ажпомсьціла: забіла спачатку гэтую цёценьку пра дапамозе АТРУЧАНАГА ЎБРАНЬНЯ, а потым яшчэ сваіх з Ясанам дзяцей. Пытаньне: якія ж сукні ў гэтым салёне??? :) Турагенцтва "Одиссея"... З падарожжа вы будзеце вяртацца 30 гадоў... :)”

На сайце podarik.com вы можаце набыць фрагмэнт метэарыту “Чынге” вагой 436 г. і коштам 1144000 р. Тып: жалезны атаксыт, памеры: 89х68х31 мм. Месца падзеньня: р.Чынге, Расея, Верхні Енісей. Дата першай знаходкі: 1912 г. Усяго на сёньняшні дзень сабрана каля 250 кг аскепкаў. Экземпляр, які прапануецца, ачышчаны ад іржы”.

Нарэшце, адгадка загадкі “Сядзіць бабка на прымурачку ў чырвоным каптурчыку. Хто йдзе — той паклоніцца”. А гэта — суніца-ягадка.

Дасылайце нам свае ідэі для “Начной аблогі”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Таксама тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 290-39-52 і дасылайце СМС паведамленьні на нумар 391-22-24. “Начная аблога”, Дзьмітрый Падбярэзскі, шчэ сустэнемся…