Нямецкая паліцыя абяцае грашовую ўзнагароду за зьвесткі пра беларуса Ігара Пікуліка

Алена Струвэ, Менск Нямецкая крымінальная паліцыя запрашае да супрацоўніцтва тых, хто ведаў беларуса Ігара Пікуліка. Пікулік нарадзіўся ў жніўні 1975 на Берасьцейшчыне. Летась у лістападзе ягонае цела было знойдзенае непадалёк ад Гамбургу. Паліцыянты абяцаюць выдаць грашовае заахвочваньне тым, хто паведаміць каштоўныя для сьледства зьвесткі.
Памер грашовай ўзнагароды - 1,5 тысячы эўра. Яна будзе выплачаная кожнаму, хто дасьць сьледству паказаньні пра беларуса Ігара Пікуліка. Паліцыянтаў не ў апошнюю чаргу цікавяць зьвесткі пра сваякоў і сяброў нябожчыка. У Нямеччыну Пікулік трапіў у 1999 годзе і ў хуткім часе апынуўся на ўліку паліцэйскіх ведамстваў самых розных фэдэральных земляў краіны. Прадстаўнік крымінальнай паліцыі Гамбургу ў размове са Свабодай паведаміў наступнае:

(Паліцыянт :) “Нам стала вядомым, што ў чэрвені 1999 Пікулік ўпершыню прыбыў у Нямеччыну, у Майнц, аднак па падробным пашпарце на імя Ігара Фрэнкеля. Яго неаднойчы арыштоўвала нямецкая паліцыя за дробныя крадзяжы ў крамах, на аўтастаянках, рэстаранах. Летась ў лістападзе рэшткі цела Пікуліка былі знойдзеныя непадалёк ад Гамбургу. Ёсьць меркаваньні, што Пікулік стаў ахвярай забойцы, які спачатку ліквідаваў беларуса, а потым распаласаваў яго. Цяпер мы тэрмінова шукаем тых, хто ведаў Пікуліка. Наш тэлефон у Гамбургу: 42 86 56 789“

Паліцыянты не выключаюць, што за сьмерцю Ігара Пікуліка стаяць мафіёзныя групоўкі, зь якімі, праўдападобна, і быў зьвязаны нябожчык. Характар забойства выглядае вельмі жорсткім і нават пачварным. Цела беларуса было распаласаванае да касьцей і па частках раскладзенае ў некалькі торбаў. Адна з торбаў і была знойдзеная мінаком у часе шпацыру па балтыйскім пляжы.

Паводле крыміналістаў, ідэнтыфікацыя асобы была дастаткова складанай. Дапамагло тое, што аналіз рэшткаў на ДНК супаў з той інфармацыяй, якая ўтрымлівалася ў агульным паліцэйскім кампутары. Там побач зь паведамленьнем пра гандаль Пікулікам наркотыкаў былі зьмешчаныя адбіткі ягоных пальцаў, ягонае фота, зьвесткі пра рост (181 см) і год нараджэньня (1975)

Паліцыянты мяркуюць, што працяглы час Пікулік жыў у сваіх землякоў пад Гамбургам, а таксама у Карлсруэ, Трыры, Майнцы. Дата ягонай сьмерці, як і яе прычыны застаюцца пакуль невядомымі.