Гомель: прайшоў круглы стол на тэму "грамадзянская супольнасьць і Эўропа"

Радыё Свабода Сёньня ў Гомелі завяршыўся двухдзённы “круглы стол” у пытаньнях ролі грамадзянскай супольнасьці ў справе ўзмацненьня праэўрапейскіх установак у Беларусі. Ладзілі яго група прафэсара Манаева зь Менску ды Гомельскі цэнтар разьвіцьця сацыяльных рэсурсаў “Аракул”.
Каля трох дзесяткаў удзельнікаў “круглага стала” абмяркоўвалі, наколькі дзейнасьць грамадзкіх і праваабарончых арганізацыяў, палітычных партыяў, дасьледчых цэнтраў, мас-мэдыяў спрыяе пашырэньні эўрапейскіх каштоўнасьцяў у сьвядомасьці насельніцтва.

Гомельскі рэгіён не вызначаецца нейкім масавым удзелам жыхароў у дзейнасьці структураў грамадзянскай супольнасьці, але ва ўсе апошнія гады гэтыя структуры былі заўважнымі на нацыянальным узроўні.

У той жа час, як сьцьвярджае прафэсар Алег Манаеў, уладныя структуры ня толькі блякуюць прасоўваньне праэўрапейскіх установак, але і фармуюць у рознай ступені ў людзей антыэўрапейскія, антызаходнія настроі. Назіраецца гэта ва ўсіх рэгіёнах. У гэтай сувязі прафэсар Манаеў не выключае, што неўзабаве могуць узьнікнуць вялікія праблемы з экспартам беларускіх тавараў у краіны Эўразьвязу й ЗША.