Казуліна перавялі ў турму на Валадарскага

Радыё Свабода Былога кандыдата на пасаду прэзыдэнта Аляксандра Казуліна перавялі з Жодзінскага сьледчага ізалятара ў турму на вуліцы Валадарскага ў Менску. У гэтай жа турме трымаюць двух актывістаў незарэгістраванай арганізацыі “Партнэрства” -- Эніру Браніцкую і Аляксандра Шалайку. 6 ліпеня ў судзе Маскоўскага раёну пачнецца працэс над спадаром Казуліным, якога абвінавачваюць у злосным хуліганстве і ў арганізацыі масавых беспарадкаў.
Намесьнік Аляксандра Казуліна Ўладзімір Нісьцюк упэўнены, што суд не апраўдае чалавека, які тры месяцы правёў пад вартай сьледчага ізалятару. Ён сыходзіць з таго, што суддзя адмовіў Ірыне Казулінай нават у спатканьнях з мужам, пакуль ня будзе вынесены прысуд. Уладзімір Нісьцюк лічыць, што ў сёньняшніх умовах Казуліна, як і тых апазыцыянэраў, супраць якіх распачалі крымінальныя справы, не будуць пазбаўляць волі, а пакараюць “хіміяй”.

(Нісьцюк:) “Мне бачыцца, што ўсё ж сытуацыя спрыяе Аляксандру Казуліну у тым, што беларускія ўлады апынуліся паміж молатам і кавадлай – паміж Эўропай і Расеяй. Тое, што ня будзе вынясены апраўдальны прысуд, у мяне ніякіх сумневаў няма, думаю, што і ў нікога іх няма. Але, пытаньне ў тым наколькі жорстка вырашыць улада зрабіць гэта з Казуліным. Ёсьць аб’ектыўныя, ёсьць суб’ектыўныя падставы зьмягчыць. Але пакуль мы ня бачым гэтых зьмягчэньняў. Можа Бог дасьць розуму да судовых працэсаў адпрацаваць гэта такім чынам. Таму зараз мне бачыцца баланс – 50 на 50.”

Дачка Аляксандра Казуліна Юлія вучыцца на чацьвёртым курсе факультэту міжнародных дачыненьняў БДУ. Яна паступіла на вучобу, калі яе бацька працаваў на пасадзе рэктара. Юлія спадзяецца, што яго хутка вызваляць з-пад варты.

(Юлія:) “Мы ўпэўненыя, што мой бацька невінаваты. Спадзяюся, што судзьдзя не будзе выконваць ніякіх загадаў зьверху, будзе сыходзіць зь дзейнага заканадаўства. Ведаеце, калі я чытаю яго лісты, то не магу стрымаць сьлёз. Вельмі цяжка ведаць, што бацька сядзіць у турме толькі за тое, што казаў праўду.Я вельмі спадзяюся, што ён хутка будзе з намі, бо мне без яго вельмі дрэнна.” Улады не задаволілі ніводнага хадайніцтва абароны Аляксандра Казуліна: яго не выпусьцілі да суду пад падпіску пра нявыезд; не задаволілі ніводнай скаргі; не далі ніводнага станоўчага адказу на заявы.

Назіральнікі лічаць, што суд над Аляксандрам Казуліным не будзе працяглым па часе. Апошнія палітычныя справы разглядаліся цягам двух паседжаньняў.