На час суду Казуліна перавядуць з Жодзінскай турмы ў Менск

Алег Грузьдзіловіч, Менск Гэтае рашэньне прыняў судзьдзя Маскоўскага раённага суду Менску Аляксей Рыбакоў, які будзе весьці працэс над Аляксандрам Казуліным. Нагадаем, суд над экс-кандыдатам на прэзыдэнта пачынаецца 6 ліпеня. Аляксандар Казулін абвінавачваецца ў хуліганстве і арганізацыі вулічных беспарадкаў.
Сам Аляксандар Казулін сябе вінаватым не прызнае, ён заяўляе, што яго перасьледуюць з палітычных прычынаў.

З 25 сакавіка палітыка трымаюць ў Жодзінскай турме. Дакладна дзень, калі Аляксандра Казуліна перавязуць у Менск у сьледчы ізалятар на вуліцы Валадарскага, пакуль што невядомы. Раней адвакаты Казуліна хадайнічалі пра зьмену меры стрыманьня да суду на падпіску аб нявыезьдзе, але судзьдзя Рыбакоў гэтага хадайніцтва не задаволіў.