Царква патрабуе ад выдаўца спыніць "псэўдаасьветніцкую дзейнасьць"

Альгерд Невяроўскі, Менск Кіраўніцтва Беларускага экзархату запатрабавала, каб выдавец У.Чартовіч спыніў правакацыйную дзейнасьць ад імя праваслаўнай царквы. Менская эпархіяльная рада накіравала яму з гэтай нагоды пастырскае павучаньне. Дзейнасьць закрытага акцыянэрнага таварыства “Хрысьціянская ініцыятыва”, якое ўзначальвае спадар Чартовіч, царкоўныя герархі называюць правакацыйнай і псэўдаасьветніцкай.
У пастырскім павучаньні гаворыцца, што асноўнай задачай закрытага акцыянэрнага таварыства “Праваслаўная ініцыятыва”, створанага напрыканцы 1990-х гадоў Менскай эпархіяй і Ўладзімерам Чартовічам, было “наталеньне патрэбаў праваслаўных грамадаў у богаслужбовай і асьветніцкай літаратуры. Аднак замест гэтай літаратуры на прылаўкі кнігарні “Праваслаўная кніга” сталі паступаць выданьні сумнеўнага зьместу, якія адлюстроўвалі погляды раскольніцкіх груповак, і тэндэнцыйная пэрыёдыка нацыяналістычнага кірунку”.

А ў 1999 годзе без кансультацыяў зь Менскай эпархіяльнай управай і без дабраславеньня Ўладзімер Чартовіч выдаў кнігу пад назваю “Вайна па законах нізасьці”. На думку аўтараў пастырскага павучаньня, у ёй выдавец “паспрабаваў сумясьціць нэабальшавіцкія погляды на палітычныя працэсы ў сучасным грамадзтве, грубы антысэмітызм і хрысьціянскую фразэалёгію”.

Менская эпархіяльная рада нагадвае, што паколькі кніга была выдадзеная пад грыфам “Праваслаўнай ініцыятывы”, у грамадзтве стваралася ўражаньне, што такой ёсьць пазыцыя ўсёй Беларускай праваслаўнай царквы.

Пасьля Ўладзімер Чартовіч выдаў яшчэ шэраг кніг з палітычнымі прадмовамі і пасьляслоўямі. Урэшце Менская эпархія выйшла са складу гэтага закрытага акцыянэрнага таварыства, і цяпер яно называецца не “Праваслаўная”, а “Хрысьціянская ініцыятыва”.

Вось што з нагоды гэтага пастырскага павучаньня сказаў супрацоўнік Беларускага экзархату па сувязях з грамадзкасьцю архімандрыт Аляксей Шынкевіч:

(а.Шынкевіч: ) “Ён прадстаўляўся як адказны супрацоўнік Менскай эпархіі й дзейнічаў ад яе імя. Выдаваў розныя кніжкі, нягледзячы на тое, што меў погляды, несумяшчальныя з праваслаўным веравызнаньнем. Спадар Чартовіч — адзін зь людзей з камуністычнымі поглядамі, з камуністычнымі ініцыятывамі — так і дзейнічаў ад імя царквы. І нарабіў нам шмат вялікіх праблемаў”.

А вось як пракамэнтаваў гэты дакумэнт сам Уладзімер Чартовіч:

(Чартовіч: ) “Кожны па-свойму можа камэнтаваць кожную кнігу. Колькі людзей, столькі й камэнтароў. Паколькі гэта пастырскае пасланьне, я б з пастырамі й пагаварыў на гэтую тэму. Гэта выключна асабістае, якое тычыцца царквы і мяне. Я лічу, што ім таксама ня трэба было ў гэта ўкліньвацца. Калі царква па за палітыкай, то ім і ня трэба камэнтаваць гэтую кнігу”.

Менская эпархія ў пастырскім павучаньні засьведчыла, што ня мае дачыненьня да ініцыятываў спадара Чартовіча, і запатрабавала ад яго “спыніць спэкуляцыю праваслаўнай сымболікай ды тэрміналёгіяй”. Напрыканцы гэтага звароту гаворыцца, што такім чынам “Беларуская праваслаўная царква імкнецца абараніць праваслаўе ад яго непраўдзівых інтэрпрэтацыяў і ад правакацыяў, якія ёсьць галоўным складнікам Вашай выдавецкай і псэўдаасьветніцкай дзейнасьці”.