Прэзыдэнт Вэнэсуэлы У.Чавэс наведае Беларусь

Радыё Свабода 23-26 ліпеня чакаецца візыт ў Беларусь прэзыдэнта Вэнэсуэлы Уга Чавэса. Пра гэта паведаміў пасол Вэнэсуэлы на Кубе, брат вэнэсуэльскага прэзыдэнта Адан Чавэс, які сёньня наведаў Беларусь.
Падчас перамоваў зь беларускімі афіцыйнымі прадстаўнікамі Адан Чавэс заявіў: “У нас ёсьць агульны вораг, які імкнецца перашкаджаць у дасягненьні нашых мэтаў, мы павінны аб’яднацца, каб супрацьстаяць дамінаваньню адной дзяржавы ў сьвеце”.

Ён падкрэсьліў, што “палітыка Вэнэсуэлы скіравана на тое, каб аб’яднаць высілкі міжнароднай супольнасьць супраць ціску, які робяць Злучаныя Штаты Амэрыкі”. Старшыня міжнароднай камісіі Савету Рэспублікі Мікалай Чаргінец у размове з вэнэсуэльскім госьцем заявіў: “Наша і Ваша краіна робяцца аб’ектамі ціску з боку ЗША, і гэты чыньнік дыктуе неабходнасьць каардынацыі нашых дзеяньняў”.

Злучаныя Штаты рэзка крытыкуюць прэзыдэнта Чавэса за парушэньні правоў чалавека і дзеяньні, якія пагражаюць бясьпецы ў рэгіёне. У лютым сёлета прэзыдэнт Чавэс прапанаваў вынесьці на рэфэрэндум пытаньне аб працягу сваіх прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў да 2013 году. Паводле Чавэса, акрамя яго, няма ніводнага кандыдата на прэзыдэнцкую пасаду.