Полацак: выйшаў з ізалятару актывіст Антон Ясіновіч

Радыё Свабода Затрыманы ўчора грамадзкі актывіст Антон Ясіновіч, паводле судовага рашэньня, вызвалены з ізалятару часовага ўтрыманьня. Спадара Ясіновіча затрымалі ўчора ў Полацку і абвінавацілі ў распаўсюдзе друкаванай прадукцыі без выходных зьвестак і ў нецэнзурнай лаянцы на адрас работнікаў праваахоўных органаў.
Нагодай для затрыманьня сталі налепкі са слоганам “За народ, за краіну, за цябе!”, якія зьявіліся ўчора на слупах і сьценах будынкаў. Антона Ясіновіча затрымалі па прыкметах: міліцыя атрымала зьвесткі, што налепкі распаўсюджваў мужчына сярэдняга веку, апрануты ў белую тэніску, у цёмных туфлях. Пры гэтым ніякай друкаванай прадукцыі ў спадара Ясіновіча не знайшлі.

Судзілі актывіста сёньня. Судзьдзя Натальля Абрамава заслухала сьведкаў абароны й затрыманага, які адкінуў усе абвінавачаньні на свой адрас. Судзьдзя перанесла судовае паседжаньне на заўтра, бо не зьявіліся сьведкі абвінавачаньня — міліцыянты, што затрымлівалі Антона Ясіновіча.