Полацак: затрыманьне грамадзкага актывіста

Радыё Свабода Сёньня ў Полацку быў затрыманы грамадзкі актывіст, сябар Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады Антон Ясіновіч. Ён быў абвінавачаны ў распаўсюдзе друкаванай прадукцыі без выходных зьвестак. Апроч таго затрыманы абвінавачваецца ў нецэнзурнай лаянцы на адрас работнікаў праваахоўных органаў.
Спадар Ясіновіч тры гадзіны правёў у міліцэйскім пастарунку, дзе на яго быў складзены пратакол аб адміністрацыйным правапарушэньні. Пасьля таго яго даставілі ў ізалятар часовага ўтрыманьня. Там грамадзкі актывіст мусіць правесьці ноч. Заўтра раніцай адбудзецца суд, які вызначыць меру пакараньня.

У зьвязку з сэсіяй Парлямэнцкага сходу саюзу Беларусі і Расеі, што ладзіцца ў Полацку, па горадзе расклееныя ўлёткі з заклікам стаць на абарону суверэнітэту краіны. Яны і сталі нагодай для затрыманьня спадара Ясіновіча, хаця на момант затрыманьня ніякай друкаванай прадукцыі пры ім не было.