Колькасьць уцекачоў у Беларусі зьмяншаецца

Галіна Абакунчык, Менск Сёньня, 20 чэрвеня, Усясьветны дзень уцекача. Ён быў устаноўлены на рашэньне Генэральнай Асамблеі Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў з мэтаю забраць увагу міжнароднай супольнасьці на праблемы ўцекачоў. Колькасьць тых, хто дамагаецца статусу ўцекача ў Беларусі, за апошнія гады значна зьменшылася, тым часам расьце хваля палітычнай эміграцыі зь Беларусі.
Працэдура рэгістрацыі ўцекачоў у Беларусі пачала дзейнічаць ад 1999 году. Тады сталага прытулку прасіла амаль тысяча замежнікаў, але летась колькасьць просьбітаў зьменшылася да 118 чалавек. За тры месяцы гэтага году па статус уцекача ў дзяржаўныя структуры зьвярнуліся толькі 16 чалавек. Частка афіцыйна прызнаных уцекачоў пакінулі Беларусь, паведаміла “Свабодзе” дарадца Вярхоўнага камісарыяту ААН Тацяна Сіліванава.

(Сіліванава: ) “Вядома, у іх узьнікае вялікая колькасьць праблемаў. Да прыкладу, доступ да жыльля – вельмі праблематычная галіна, а гэта вызначае вельмі шмат. Бо ў нас і мэдычнае абслугоўваньне і нават службы занятасьці працуюць паводле тэрытарыяльнага прынцыпу. Ізноў жа – сацыяльна-эканамічнае становішча ў Рэспубліцы Беларусь…”

На 1 траўня ў Беларусі афіцыйна зарэгістраваныя 794 уцекачы. У пераважнай бальшыні гэта былыя жыхары Аўганістану, Таджыкістану, Азэрбайджану, Этыёпіі, нават Палестыны, Ірану і Іраку. Адначасна лік палітычных уцекачоў за межы Беларусі перайшоў на дзясяткі, але колькасьць іх будзе расьці, кажа праваабаронца Валянцін Стэфановіч.

(Стэфановіч: ) “Па некалькі дзясяткаў чалавек атрымліваюць прытулак у Бэльгіі, Чэхіі і іншых краінах. Мяркуючы па тым, што сёлета рэпрэсіі былі значна большыя, можна меркаваць, што колькасьць уцекачоў будзе павялічвацца. І тое, што нашыя грамадзяне атрымліваюць прытулак, сьведчыць пра тое, што з правамі чалавека ў краіне ня ўсё добра. Бо з нармальных дэмакратычных краінаў ніхто ня ўцякае, палітычнага прытулку ня просіць”.

Што вы думаеце пра палітычных уцекачоў – гэтае пытаньне задаю людзям на вуліцах Менску.

(Карэспандэнтка: ) “Ці ёсьць палітычныя ўцекачы ў Беларусі?”

(Спадарыня: ) “Вядома, іх шмат, мне здаецца. Я й сама ўцякла б, каб было куды”.

(Спадарыня: ) “Поўна ўцекачоў”.

(Спадарыня: ) “Палітычныя ўцекачы ў Беларусі – гэта вельмі балючая тэма, бо да іх адносіцца й Зянон Пазьняк”.

(Юнак: ) “Я ня ведаю наконт палітычных уцекачоў, але што тычыцца, да прыкладу, пісьменьнікаў, то на сёньня мы гэта маем. Такім быў Васіль Быкаў, а цяпер Сьвятлана Алексіевіч”.

(Юнак: ) “Я нават ведаю такіх палітычных уцекачоў. А пасьля сакавіцкіх падзеяў будзе цэлая генэрацыя гэтых уцекачоў. Калі студэнты ня змогуць тут уладкавацца, атрымаўшы дыплём польскага альбо чэскага ўзору, мы атрымаем новую хвалю маладых эмігрантаў”.