Берасьце: кіраўніка абласной арганізацыі АГП затрымалі ў будынку суду

Радыё Свабода, Берасьце У часе распаўсюду брашуры "Судова-прававая рэформа. Беларусь: шлях у будучыню" 15 чэрвеня быў затрыманы старшыня Берасьцейскай абласной арганізацыі АГП Сьцяпан Навасельчан.
Затрыманьне адбылося ў будынку абласнога суду, куды спадар Навасельчан прыйшоў, каб пакінуць некалькі асобнікаў гэтай брашуры. Прагледзеўшы брашуру супрацоўнікі судовай установы заявілі, што яна мае “антыдзяржаўны” зьмест, і выклікалі міліцыянтаў. Актывіста Аб’яднанай грамадзянскай партыі абшукалі на той падставе, што нібыта ён можа мець выбуховыя рэчывы.

Пасьля вобшуку Сьцяпана Навасельчана адвезьлі ў Ленінскі РАУС Берасьця, дзе склалі пратакол аб адміністратыўным правапарушэньні. Неўзабаве гэтая справа будзе перададзеная на разгляд адміністратыўнай камісіі.